“Каждое утро бегу на работу в приподнятом настроении», — признается медсестра Березковской больницы сестринского ухода с врачебной амбулаторией, заведующий Витуничским ФАПом Раиса Малиновская

20250319_115832+

“Штораніцы бягу на работу ў прыўзнятым настроі, – прызнаецца медсястра Бярозкаўскай бальніцы сястрынскага догляду з урачэбнай амбулаторыяй, загадчык Вітуніцкага ФАПа Раіса Маліноўская. – Там забываю пра ўсе турботы і не адчуваю стомы. Работа напаўняе маё жыццё пазітывам, таму што шчыра люблю яе”.

Крэда – дапамагаць іншым

Удачлівы той, чые асабістыя памкненні супадаюць з прафесійнымі мэтамі.  Раіса Маліноўская якраз з такіх. Дапамагаць іншым – вось яе крэда і прызначэнне. Магчыма, да выбару медыцынскай спецыяльнасці падштурхнула псіхалагічная траўма: у дзевяць гадоў Рая страціла бацьку, якому б яшчэ жыць ды жыць. У галаве засела не раз пачутае ад родных: “Калі б своечасова аказалі дапамогу…” І вось гэтае “калі б” не давала ёй спакою. Відаць, і да гэтай пары не дае – нездарма яна так шчыруе, каб як найлепш падтрымаць хворых.

Па адукацыі акушэрка, і свой шлях у прафесію пачынала ў 1980 годзе на роднай Глыбоччыне. Дзевятнаццацігадовую дзяўчыну пасля заканчэння Аршанскага медвучылішча адразу назначылі загадчыцай Залескага ФАПа з зонай абслугоўвання больш за тысячу чалавек. На прыёмах было шматлюдна. Звярталіся з апендыцытамі, ныркавымі колікамі, галаўнымі болямі і многімі іншымі хваробамі і недамаганнямі.

– Напачатку было складана сарыентавацца, – успамінае Раіса Аркадзьеўна. – Пацыент за парог, а я адразу ў падручнікі – чытаю, пракручваю ў галаве сітуацыю, каб пераканацца, што ўсё зрабіла правільна. Вядома, вопыту ніякага, таму перажыванняў хапала. Нярэдка кансультавалася з урачом бальніцы з суседняй вёскі. Транспарту для аб’езду жыхароў па дамах не давалі, даводзілася пехам намотваць кіламетры па навакольных вёсках. Затое пацыенты былі добразычлівыя, адносіліся да мяне, нягледзячы на ўзрост, з даверам. Гэта натхняла.

Адзін з самых яркіх выпадкаў у практыцы маладога спецыяліста – прыняцце родаў у кабіне калгаснага бензавоза. Вадзіцель вёз цяжарную з іншага ўчастка ў Глыбоцкі раддом, але на паўшляху зразумеў, што не паспявае, таму звярнуўся па дапамогу ў бліжэйшы ФАП. Раечка схапіла ўсё неабходнае і кінулася да парадзіхі. Месца ў цесным аўтамабілі было мала – не павярнуцца для такой нагоды, але ў рэшце рэшт усё абышлося. Фельчар зрабіла сваю работу як трэба і перадала здаровенькае немаўля калегам з “хуткай”. Не ведае Раіса Аркадзьеўна, як склаўся лёс таго нованароджанага, але гісторыю яго з’яўлення на свет запомніла, бадай, назаўжды. Задаволена, што ў крытычны момант дзейнічала хутка і граматна.

І старыя, і малыя

Залескі ФАП неўзабаве стаў урачэбнай амбулаторыяй, пашырыўся штат, і да прыбыцця доктара Раіса працавала загадчыкам установы, а пазней вярнулася да фельчарства. Работа ў камандзе прынесла ёй новы вопыт.

У 1993 годзе па сямейных абставінах Раіса пераехала ў вёску Вітунічы нашага раёна. Уладкавалася на працу загадчыкам Мацееўскага ФАПа, які знаходзіўся за дзесяць кіламетраў ад месца жыхарства, і наступныя восем гадоў дабіралася туды спадарожным транспартам. Абслугоўвала прыкладна 350 чалавек – гэта намнога менш, чым на папярэднім месцы, але на ўчастку пражывалі людзі ў раскіданых далёка адна ад адной вёсках, таму было складаней наведваць іх на даму. Да ўсяго кантынгент складалі пераважна пажылыя, з хранічнымі захворваннямі, да кожнага патрэбна было знайсці падыход.

Тым часам абжывалася ў Вітунічах, і многія жыхары звярталіся па дапамогу не толькі да мясцовага фельчара, але і да прыезджага, адзначаючы кампетэнтнасць і выключную тактоўнасць медработніка. А з 2001 года да сярэдзіны 2011-га Маліноўская працавала ўжо ў Вітунічах. Зона абслугоўвання павялічылася ўдвая – да 700 чалавек, прычым шмат было маладых сем’яў і дзяцей. На парадку дня стаялі прафілактычныя выступленні ў сярэдняй школе, вакцынацыя непаўналетніх, медыцынскія агляды. Балазе, знаёмыя ўжо людзі лёгка ішлі на ўзаемадзеянне.

Пацыенты становяцца блізкімі

Раіса Аркадзьеўна – чалавек надзвычай чуллівы і кожны раз прапускае чужы боль праз сваё сэрца. Напэўна, сіла гэтай ярка выражанай эмпатыі паўплывала на збой у яе ўласным арганізме. У 2011-м фельчар моцна захварэла і прыняла горкае рашэнне пайсці на льготную пенсію. А праз паўгода, ужо паправіўшыся, не адмовілася ад запрашэння выйсці на работу ў Бярозкаўскую бальніцу сястрынскага догляду. Працавала і медсястрой у стацыянары, і акушэркай у амбулаторыі, паралельна каля года ўзначальвала Замастоцкі ФАП. Займалася руціннай звыклай работай – дыспансерызацыяй, патранажам, зборам аналізаў, ЭКГ і г. д.

– У Бярозкаўскай бальніцы цудоўны, дружны калектыў на чале з загадчыкам Васіліем Чыграем – прафесіяналам у медыцыне і вельмі спагадлівым чалавекам, – зазначае Раіса Маліноўская. – Таму любая работа тут даспадобы.

Зараз у стацыянары разам з Раісай Аркадзьеўнай пазменна працуюць яшчэ тры медсястры, бо пацыентам патрэбен кругласутачны догляд.

– Бальніца разлічана на дзесяць пацыентаў, – паведамляе суразмоўца. – На дадзены момант наймалодшаму падапечнаму – 66 гадоў, найстарэйшай – 90. У кожнага свая доля з аднолькавым зыходам: яны засталіся адны – нямоглыя і бездапаможныя, таму вымушаны былі шукаць прытулку ў сацыяльнай установе. Напачатку замкнёныя ў сабе, але з цягам часу адкрываюцца тым, хто іх лечыць, вучыць пасля інсультаў занава хадзіць, мые, пераапранае, корміць, арганізоўвае вольны час, абнадзейвае, – работнікам бальніцы. У выніку мы становімся для іх другой сям’ёй. Боязна пакрыўдзіць гэтых пацыентаў неасцярожным словам, таму толькі па-добраму, толькі з угаворамі. Кожны з нас – свайго роду псіхолаг і сябар для пастаяльцаў. Ды і яны становяцца для нас блізкімі.

Надзейны тыл

Кожны шукае сваю дарогу да шчасця. Раіса Маліноўская яе знайшла, пераадолеўшы мноства перашкод.

У жанчыны тры дачушкі-разумніцы і чацвёра ўнукаў. Пра кожнага з іх расказвае з відавочным захапленнем. Наогул, любіць дзяцей і летам ахвотна выходзіць на змену ў аздараўленчы лагер “Бярозка”.

Каханы муж Мікалай беражэ сваю ўсмешлівую, ласкавую, працавітую жонку. Заўсёды да яе з павагай і разуменнем. Сам майстар на ўсе рукі, любіць добраўпарадкаваць іх сядзібу. Гаспадыня ж укладвае душу ў абуладкаванне сямейнага ачага і развядзенне кветак. Трымаюць карову, што рэдкасць для сучасных вёсак, і іншую жыўнасць.

Разам з сужэнцамі два дзясяткі гадоў жыве матуля Раісы, якой таксама неабходна ўвага. І як, здаецца, хапае часу на ўсё? Але, калі побач любімыя людзі, горы звярнуць можна.

А напаследак Раіса Аркадзьеўна заўважыла:

– У свой час нам цяжка даўся пераезд у Вітунічы, і мы нават абмяркоўвалі вяртанне на малую радзіму. Цяпер жа ні за што не рушым адсюль. У нас слаўныя аднавяскоўцы. А якія наўкол маляўнічыя мясціны! Лясы, багатыя грыбамі і ягадамі. Райскі куточак!..

Ніна КРУКОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *