Людмила Крыльцова из Крулевщины: «В родительском доме отдыхаю всем сердцем»

photo_2025-03-05_08-12- с

“Жанчына заўсёды павінна быць жанчынай”, – упэўнена Людміла Крыльцова з Крулеўшчыны, уладальніца яркай знешнасці, сапраўдны эталон прыгажосці і інтэлігентнасці. Узор таго, як можа рэалізоўвацца жанчына ў грамадстве, не губляючы пры гэтым жаноцкасці.

Апошнія дзесяць гадоў Людміла Аляксееўна працуе намеснікам дырэктара Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова, дзе калегі характарызуюць яе як прафесіянала з вялікай літары. Курыруе выхаваўчую работу, фізкультурна-спартыўны і аздараўленча-масавы кірункі, займаецца арганізацыяй разнастайных конкурсаў, усталёўвае кантакты з сем’ямі вучняў, трымае на кантролі школьнае харчаванне, падвоз і занятасць дзяцей.

Па адукацыі – настаўнік пачатковых класаў (закончыла педвучылішча і ўніверсітэт), выкладае ў дзетак выяўленчае мастацтва, прадмет “Чалавек і свет” і іншыя. Прызнаецца, што сумуе па тых часах, калі была класным кіраўніком у малых, бо цесныя стасункі даюць значна больш эмацыянальных рэсурсаў.

Пачынала настаўнічаць Людміла ў Юхнаўскай школе, а пасля ўступлення ў шлюб пераехала ў Мурманскую вобласць. Праз дзевяць гадоў вярнулася і ўладкавалася ў Крулеўшчынскую школу, дзе спачатку выкладала фізічную культуру. Кажа, што хоць асабіста спортам сур’ёзна не займалася, затое балельшчыца з яе дасведчаная – да гэтага часу сочыць за спаборніцтвамі па біятлоне і лыжных гонках.

Любімы вектар у рабоце – патрыятычны. Людмілу Крыльцову цікавіць гісторыя роднага краю, яго цяперашняе развіццё і будучыня.

Родам з суседніх ад Крулеўшчыны Літоўцаў, дзе жыве яе матуля Леаніда Станіславаўна. Дачка наведвае яе кожны тыдзень.

– Дома адпачываю ўсім сэрцам, – кажа Людміла Аляксееўна. – Радзіма прыцягвае неймаверна моцна. Там адчуваю сябе зусім інакш, чым дзесьці яшчэ. Найлепш. Шкада, што жыхароў у вёсцы становіцца ўсё меней, таму баліць за яе душа. Нярэдка ў Літоўцы прыязджае і мой сын з сям’ёй.

Не менш кранальна распавядае наша гераіня і пра маці. Калі ў недалёкім мінулым Леаніда Станіславаўна перанесла інсульт, Людміла забрала яе да сябе дамоў, каб дапамагчы ўстаць на ногі.

– Дзве мае сястры жывуць у іншых рэгіёнах, а мне, напэўна, лёсам было наканавана вярнуцца з чужыны ўжо хаця б дзеля таго, каб акружыць клопатам роднага чалавека, – гаворыць яна. – Мая мама – прыклад таго, як трэба любіць жыццё, што б ні здарылася. Дзякуючы сваёй вялікай жыццёвай сіле яна пераадолела наступствы цяжкай хваробы і зараз згуртоўвае нас вакол сябе, наказвае трымацца разам. Лічыць, што сям’я – самае галоўнае, што можа быць у чалавека.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва Л. КРЫЛЬЦОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *