Заасфальтируют стоянку, обновят тротуар. Что еще запланировано сделать в Год благоустройства в Докшицком районе

photo_2025-03-20_17-02-53

Што адметнае ў Год добраўпарадкавання чакае наш раён, якія аб’екты плануецца прывесці ў належны стан – пра гэта ў нашым інтэрв’ю з намеснікам начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццянай Клігус.

– Таццяна Мікалаеўна, сёлетняя ранняя вясна паклікала да маштабнай кампаніі – уборкі смецця, што назбіралася за зіму. Ці праявілі актыўнасць у гэтым плане дакшычане?
– Так, быў дазены старт “чыстаму чацвяргу”, а гэта значыць, што кожны тыдзень у гэты дзень кожная арганізацыя і прадпрыемства павінны тэрмінова навесці парадак на сваіх вытворчых тэрыторыях, а таксама на замацаваных за імі гарадскіх вуліцах, парках і іншых месцах. Добраўпарадкаваннем, якое прадугледжвае таксама рэалізацыю некаторых праектаў, будзем займацца і на суботніках.
Але, каб сапраўды зрабіць наш горад, больш прыгажэйшым, трэба каб у працэс добраўпарадкавання ўключыўся кожны яго жыхар. Камфорт і ўтульнасць нашых двароў, паркаў, стадыёнаў магчымы толькі тады, калі мы ўсе будзем нераўнадушнымі да гэтай справы. Напрыклад, прыбіраць смецце не толькі ў момант часовай акцыі, а пастаянна. Выхаваны, культурны чалавек не толькі не будзе смеціць сам, але і зробіць заўвагу таму, хто гэтага не разумее.

– У чысціні неабходна ўтрымліваць не толькі гарадскія аб’екты. Паклапаціцца пра тое, каб быў парадак у дварах шматкватэрных дамоў, у прыватным сектары, павінна самі жыльцы.
– Безумоўна. Што датычыцца канкрэтных спраў, то жыльцы павінны тэрмінова навесці парадак на сваіх панадворках, выдаліць непатрэбныя кусты і дрэвы, адрамантаваць, дзе патрэбна, агароджу, пафарбаваць фасад. Вуліцы прыбіраюць замацаваныя за імі арганізацыі, але падмесці тратуар, абочыну паміж ім і ўчасткам – гэта абавязак саміх уладальнікаў. Пакуль жа прыходзіцца назіраць карціну, як некаторыя людзі лянуюцца нават крыху махнуць венікам, каб змесці пясок, што застаецца на ходніках пасля таго, як іх падмятуць камунальнікі. На жаль, шчотка машыны на іх шырыню не разлічана, як і на паніжэнні, якія абуладкавалі будаўнікі да кожнага прыватнага дома.
Асобная размова пра двары шматкватэрных дамоў. Зараз яны знаходзяцца на абслугоўванні камунальнай службы, але няправільна будзе лічыць, што гэта толькі іх абавязак. Станоўчых прыкладаў таго, як жыльцы дамоў, сабраўшыся разам, дарослыя і дзеці, наводзяць парадак і прыгажосць у сваіх пад’ездах і дварах шмат. Праўда, гэта назіраецца часцей там, дзе жывуць людзі больш сталага ўзросту. Хацелася б, каб іх ініцыятыва стала прыкладам для моладзі, жыхароў новых мікрараёнаў. Нельга быць толькі спажыўцом, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. А чысты, добраўпарадкаваны двор будзе толькі радаваць вас і вашых дзяцей.
У раёне забудовы шматкватэрных дамоў ранейшых гадоў шмат напаўразбураных гаспадарчых пабудоў. Ад іх трэба пазбаўляцца. Для абмеркавання пытання наконт дапамогі ў гэтай справе можна звяртацца да нас па тэлефоне 3-25-34.

– Таццяна Мікалаеўна, якія асноўныя аб’екты запланавана адрамантаваць у раёне ў 2025 годзе?
– За кошт субсідый, перададзеных з рэспубліканскага бюджэту ў кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці, у нашым раёне будуць адрамантаваны вуліцы Ціткова і Мачульскага ў Бягомлі і ўчастак вуліцы Дзяржынскага ў Докшыцах. Акрамя гэтага, у райцэнтры, на вуліцы Палявой, каля СШ № 2 імя У. Ф. Крышталевіч, заасфальтуюць стаянку. У маі – чэрвені адрамантуюць ходнік на вуліцы Маякоўскага.
Сёлета ў асфальт апрануцца ўчасткі дарог Кромавічы – Вуглы, Восава – Гліннае, Бярозкі – Янова. Параф’янава – Хілаўшчына, Замасточча – Асавы, Крулеўшчына – Казлы, Бягомль – Беразіно, пад’езды да населеных пунктаў Баяры, Будачы, Порплішча. У цэлым плануецца пакласці каля сарака кіламетраў асфальту. Усе работы будуць выкананы ў тым выпадку, калі не адбудзецца змен у фінансаванні.
Работы ў Год добраўпарадкавання хопіць усім. Кожная ідэя, ініцыятыва і праект знойдуць падтрымку і будуць рэалізаваны, калі мы будзем працаваць на карысць нашага горада.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *