Филиал «Докшицыводоканал» планирует полностью обеспечить население четырех районов чистой водой
Забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой – гэта штодзённая праца работнікаў філіяла “Докшыцыводаканал”. Прадпрыемства, якое існуе сем гадоў, эфектыўна выконвае пастаўленыя задачы, у тым ліку мерапрыемствы ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021–2025 гады і яе падпраграмы “Чыстая вада”.
Важная роля ў вядзенні водна-каналізацыйнай гаспадаркі адводзіцца вытворча-тэхнічнаму аддзелу філіяла, які ўзначальвае Андрэй Цвік.
– Спецыфіка работы аддзела заключаецца ў заборы вады, яе рэалізацыі і аналізе, а таксама ва ўліку падземных вод, – тлумачыць Андрэй Мірусевіч. – Нашы спецыялісты складаюць праектную дакументацыю на мадэрнізацыю сетак водазабеспячэння і водаадвядзення, каналізацыйна-помпавых станцый, ачышчальных збудаванняў і іншых аб’ектаў, а таксама на будаўніцтва станцый абезжалезвання.
З 2023 года філіял пачаў аказваць яшчэ адну паслугу – рыхтаваць індывідуальныя праекты для фізічных асоб, якія жадаюць падключыцца да цэнтральнага водаправода і мець ваду ва ўласным доме. Пабудаваць такі ўвод дапамогуць работнікі водаканала. Для гэтага неабходна напісаць заяву. На працягу сямі дзён грамадзяніну будзе выдадзены дакумент – тэхнічная ўмова. А пасля вырабу праекта пачнецца само будаўніцтва. Чакаць прыйдзецца нядоўга – у сярэднім два месяцы.
У філіяле, расказвае Андрэй Цвік, можна таксама атрымаць даныя аб якасці вады. У асноўным па гэту паслугу звяртаюцца, калі набываюць бытавую тэхіку, да якой прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні па жорсткасці вады. У лабараторыі правядуць даследаванне, каб вызначыць фізіка-хімічныя і мікрабіялагічныя паказчыкі, пасля чаго спажыўцу прадаставяць неабходную інфармацыю.
Важнай задачай для работнікаў водаканала застаецца забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой. Стопрацэнтна гэты паказчык плануецца выканаць да канца 2025 года ў чатырох раёнах – Докшыцкім, Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім і Пастаўскім, якія абслугоўвае прадпрыемства. І гэта будзе зроблена. У планах жа на бліжэйшую пяцігодку – удзяліць увагу рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у падведамасных раёнах.
Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.