Областной фестиваль дефектологов прошел в Докшицах
Фестываль творчых ідэй «Фактары паспяховасці інклюзіі ў адукацыі» сабраў у Докшыцах настаўнікаў-дэфектолагаў з устаноў адукацыі ўсёй Віцебшчыны.
Мадэратарам фестывалю выступіў Докшыцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (далей – ЦКРНіР). Мерапрыемства адбылося на базе першай гарадской школы.
Прысутных прывітала намеснік дырэктара Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ганна Троіцкая. Яна падкрэсліла, што падобныя сустрэчы накіраваны на абмен вопытам і вырашэнне актуальных пытанняў, садзейнічаюць прафесійнаму росту педагогаў.
Вялікую цікавасць у калег выклікалі майстар-класы настаўнікаў-дэфектолагаў Докшыцкага раёна. Вольга Каляга (дзіцячы сад № 1 г. Докшыцы) прадэманстравала, як можна выкарыстоўваць ЛЕГА-канструяванне ў рабоце з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення. Таццяна Глінская (СШ №1 г. Докшыцы) дала майстар-клас па правядзенні дыдактычных гульняў. Таццяна Прадзед (Бягомльскі дзіцячы сад) падзялілася вопытам выкарыстання інтэлект-карт. Асаблівую ўдзячнасць за крэатыўнасць выказала педагогам Ганна Троіцкая.
У вестыбюлі школы была арганізавана выстава метадычных матэрыялаў і дыдактычных дапаможнікаў докшыцкіх настаўнікаў, якая таксама карысталася павышанай увагай.
У тэарэтычнай частцы фестывалю выступілі спецыялісты з Віцебска (у тым ліку абласнога ЦКРНіР), Гарадка і Докшыц. Размова ішла пра неабходную якасць адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сучасныя падыходы да планавання карэкцыйных заняткаў, фарміраванне маўленчых уменняў, выкарыстанне інтэрактыўнага абсталявання і іншае.
Пра фактары паспяховасці інклюзіі ва ўстановах адукацыі Докшыччыны паведаміла Ганна Раманенкава, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама.
Важным складальнікам паспяховасці з’яўляецца наяўнасць сеткі ўстаноў, якія забяспечваюць даступнасць і варыятыўнасць адукацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (далей – АПФР), зазначыла Ганна Міхайлаўна. У раённым банку даных аб дзецях з АПФР (на 15 верасня 2024 г.) – 497 чалавек. У раёне функцыянуюць дзве ўстановы спецыяльнай адукацыі: Бягомльская спецыяльная школа-інтэрнат (зараз навучаецца 84 дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю) і Докшыцкі раённы ЦКРНіР (16 дзяцей з цяжкімі і/або шматлікімі парушэннямі ў фізічным і/ці псіхічным развіцці). У 11 установах адукацыі функцыянуюць дзве спецыяльныя і 10 груп інтэграванага навучання і выхавання (45 дзяцей з АПФР). На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў пяці ўстановах адкрыты 28 класаў інтэграванага навучання (61 дзіця з АПФР). Для арганізацыі дапамогі непаўналетнім з парушэннямі маўлення ў 2024/2025 навучальным годзе працуюць дзевяць пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Метадычную падтрымку педагогам аказваюць раённы ЦКРНіР і Рэсурсны цэнтр, які адкрыты ў 2020 г. як структурнае падраздзяленне школы-інтэрната. У арсенале настаўнікаў-дэфектолагаў раёна гульнявыя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, тэхналогіі візуалізацыі. Педагогі не толькі актыўна прымяняюць іх у рабоце, але і паспяхова прадстаўляюць свой вопыт на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Практыкум “Педагагічнае мадэляванне” ў групах, арганізаваны на фестывалі, прадугледжваў, у прыватнасці, “метадычны рынг”, “работу над памылкамі” і дыялог. Бадай, гэта было самае ажыўленае дзейства. Настаўнікі адаптавалі змест навучальнага матэрыялу пад дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, мадэлявалі характарыстыкі на іх, выпраўлялі памылкі ў раскладах заняткаў і г. д.
Напрыканцы госці нашага горада азнаёміліся з прадметна-прасторавымі рэсурсамі адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ў СШ №1 г. Докшыцы і дзіцячым садзе № 1 г. Докшыцы.
Яркім упрыгажэннем фестывалю сталі музычныя выступленні выхаванцаў Бягомльскай спецыяльнай школы-інтэрната і навучэнцаў інтэгрыраваных класаў СШ №1 г. Докшыцы.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.