Передового тракториста-машиниста ОАО “Барсучанка” Александра Ромашова техника манила с малых лет
Хлеб механізатара нялёгкі. За рулём – круглы год. У гарачую пару – а яна доўжыцца з вясны і завяршаецца позняй восенню – рабочы дзень пачынаецца на світанку і заканчваецца з заходам сонца. Вытрымліваць такі тэмп, калі душа не ляжыць да справы, не па сілах самаму загартаванаму чалавеку. Перадавога трактарыста-машыніста ААТ “Барсучанка” Аляксандра Рамашова тэхніка вабіла з малых гадоў, а ў дадатак адказнасці і добрасумленнасці ў працы яму не займаць. Таму і вынікі адпаведныя – шматлікія перамогі ў раённых і абласных спаборніцтвах, занясенні на раённую Дошку гонару, павага ў калектыве і сярод аднавяскоўцаў.
Сёлетняя пасяўная кампанія ў гаспадарцы для Аляксандра Мікалаевіча дваццаць шостая па ліку. Фронт яго работы нязменны ўжо шмат гадоў – падрыхтоўка глебы да сяўбы. Яго энерганасычаны МТЗ-3522 адносна новы – пяты год на ім працуе. Дыскатар да выезду ў поле таксама гатовы. Як толькі падыдзе час, Рамашоў звыкла распачне новую чвэртку стагоддзя свайго стажу. Завершыцца сяўба – тут жа корманарыхтоўка стартуе, механізатар прыступіць да трамбоўкі зялёнай масы на яшчэ адным сваім “падапечным” – як жартуе, на ветэране “кіраўцы”, 1986 года нараджэння. Ветэран-то ветэран, але ж дзякуючы залатым рукам і клопату гаспадара верна служыць, не падводзіць – спачатку сянаж на ім трамбуецца, пасля сілас.
Поспех залежыць яшчэ, упэўнены Аляксандр Мікалаевіч, і ад любові да зямлі, моцы каранёў.
– Яшчэ мой дзед працаваў у калгасе на гусеніку ДТ-54, ганарыўся сваёй работай і любіў яе, – кажа. – Штосьці з генамі ўсё ж такі перадаецца. Так, праца наша нялёгкая, але, без ніякіх там высокіх слоў, святая. Расціць хлеб – гэта не толькі адвечная – вечная справа, як бы далёка ні зайшоў
прагрэс. Працаваць на полі – не толькі шматгадзінная напружанасць рук і вачэй, пыл, вячэрняя стома, спецадзенне ў мазуце падчас рамонту, немалая фізічная нагрузка, чаго, магчыма, баіцца маладое пакаленне. Гэта яшчэ і шмат неперадавальных адчуванняў. Выязджаеш раніцай на палеткі, асветленыя веснавым сонцам, гудзе матор твайго паслухмянага жалезнага каня, кладуцца ўслед роўныя палоскі бліскучай узрыхленай глебы, якія праз пэўны час зазіхацяць золатам збажыны, – сэрца радуецца, душа спявае. Ты – хлебароб!
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.
#нашалепшае
#нашелучшее
#слётпередовиков