Передовой оператор машинного доения ОАО «Торгуны» Наталья Сакович продолжила семейную династию

ЕН 092 с

Перадавы аператар машыннага даення ААТ “Таргуны” Наталля Саковіч работу сваю любіць і пераканана, што яна патрэбная ва ўсе часы.

Наталля Леанідаўна стаж у жывёлагадоўлі мае салідны – размяняла чацвёрты дзясятак. Прызнаецца, што хоць і была спроба стаць гараджанкай (атрымала прафесію швачкі), ды толькі ніколі яе ў горад не цягнула, хутчэй наадварот, гарадскі шум, тлум і мітусня стваралі толькі дыскамфорт у душы. Таму і пайшла без ваганняў працаваць на МТФ “Стараселле”, смела прыняла групу кароў. Работа была звыклай: Наталля – прадаўжальніца сямейнай дынастыі ў трэцім пакаленні. Зараз, ужо шмат гадоў, жыве ў вёсцы Несцераўшчына і працуе на аднайменнай ферме.

– Не ўяўляю, чым бы яшчэ магла займацца, каб так склаліся абставіны, – шчыра дзеліцца. – Каровак сваіх люблю, кожную адрозніваю не тое што па выглядзе – па характары. Складана працаваць – так, а дзе лёгка? Калі старацца, рабіць усё як належыць, то, мне здаецца, як і ў любой іншай справе, адладжанасць з’яўляецца, і тады не трэба ніякіх лішніх намаганняў.

Яна і стараецца, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды, у тым ліку і раённыя, добрыя водгукі кіраўніцтва ААТ “Таргуны”. Вось і сёлета ў рамках акцыі “Наш жывёлавод” Наталля Саковіч адзначана як лепшы аператар машыннага даення гаспадаркі.

Наталля Леанідаўна рэалізавала сябе і ў сям’і – з’яўляецца шматдзетнай маці, ганарыцца трыма сыночкамі, старэйшы з якіх, Дзяніс, таксама звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай, працуе ў “Таргунах” механізатарам. Яна шчаслівая бабуля пяцярых унукаў, якія даюць яшчэ большую ахвоту займацца другой любімай справай – выпечкай. Наталля з юных гадоў “сябруе” з усімі відамі цеста, што не кожнаму дадзена, і, кажа, здобы ў крамах ніколі не купляе, а ў яе доме заўсёды стаіць водар свежага печыва.

Сёлета гэта мілавідная, маладжавая жанчына адзначыць залаты юбілей, з якім будуць віншаваць і ў калектыве, і ў яе вялікай сям’і. А значыць, усё ў яе жыцці склалася як трэба.
І, хоць фраза збітая, але лепш не скажаш: Наталля Саковіч дакладна на сваім месцы – і на радзіме, і на працы.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *