Как за родного, переживает за каждого малыша медсестра Бегомльской больницы Валентина Хохолко

IMG_7807

– Больш за сорак гадоў працую з бразготкамі і іншымі цацкамі, – жартуе ўчастковая медсястра дзіцячай кансультацыі Бягомльскай раённай бальніцы Валянціна Хахолка. Бальніца ў гарпасёлку – першае і адзінае месца работы Валянціны Іванаўны, дзе праз яе клапатлівыя рукі прайшло некалькі пакаленняў юных бегамльчан.

Ураўнаважаная, з прыемнай усмешкай, лёгкая ў зносінах, яна хутка знаходзіць падыход да дзетак і іх бацькоў. Вымярае рост пацыентаў, узважвае, правярае зрок, робіць прышчэпкі, выконвае іншыя працэдуры. За дзесяцігоддзі медыцынскай практыкі не стала раўнадушнай да чужога болю – як і на пачатку прафесійнага шляху, яе гэтак жа ўзрушваюць дзіцячыя слёзы.

– Здаецца, ужо і дзіця супакоіцца, а мне яшчэ доўга неспакойна – перажываю за кожнага маленькага, як за роднага, – кажа. – Люблю дзяцей, з імі не старэеш душой. І бацькі сучасныя радуюць – уважлівыя, дапытлівыя, шчыра хвалююцца за здароўе сваіх малышоў.

Валянціна Хахолка знаходзіцца на прыёме пацыентаў з доктарам Аляксандрам Мыцько. Разам працуюць даўно, таму разумеюць адзін аднаго з паўслова, а то і без слоў. Наведваюць непаўналетніх на даму, выязджаюць на замацаваныя за бальніцай ФАПы. Усяго на дадзены час у зоне абслугоўвання 760 дзяцей, з іх 26 – да аднаго года.

Стаць медработнікам Валянціна марыла са школьнай парты. Бацькі без вагання прынялі яе выбар. “Свой медык будзе”, – з гонарам падкрэслівалі тады.

І насамрэч, пазней дачка часта прыязджала ў родную Іванаўку, што ў Парплішчанскім сельсавеце, каб зрабіць ім ін’екцыі па назначэнні ўрача, даць кампетэнтныя парады, падтрымаць. У сваю чаргу Валянціна Іванаўна ўдзячная бацькам, якія ўжо адышлі ў нябыт, за мудрыя жыццёвыя наказы.

Ад маці, першай рукадзельніцы ў ваколіцы, Валянціна навучылася цудоўна шыць і вязаць, чым займаецца ў вольную часіну да гэтай пары. А сваю прыхільнасць да медыцыны перадала малодшай дачцэ Маргарыце, якая рупіцца ў Мінскай абласной бальніцы і таксама не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі.

У Валянціны Іванаўны трое ўнукаў, сустрэчы з якімі яна кожны раз чакае з вялікім нецярпеннем. “Дзеці – гэта святое”, – пераканана яна.

Арына АЛЯКСАНДРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *