Первым местом работы выпускницы Витебского государственного колледжа культуры и искусств Яны Сивцевич стал Докшицкий народный театр

IMG_7471+

Першым месцам работы выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Яны Сіўцэвіч стаў Докшыцкі народны тэатр. Менавіта яго ўзначаліла малады рэжысёр у жніўні мінулага года, а разам з тым актыўна ўключылася ў віхуру падзей культурнай галіны раёна.

Са школы Яна марыла стаць юрыстам. Але, як сама адзначае, усё змянілася пасля знаёмства з настаўнікам тэатральнага аддзялення Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага Веранікай Місачэнка.

– У музычную школу пайшла вучыцца ігры на гітары, – гаворыць суразмоўца. – Тэатр выбрала дадатковым заняткам. Думаю, што ў многім дзякуючы Вераніцы Яўгенаўне гэты від мастацтва мяне зачараваў. Настаўніца дапамагла мне раскрыцца і стаць больш упэўненай у сваіх жаданнях і дзеяннях. Так я і стала студэнткай каледжа мастацтваў. Падчас вучобы разам з аднакурснікамі ўдзельнічалі ў пастаноўках Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і Беларускага тэатра “Лялька”. Напэўна, самай складанай і запамінальнай для мяне стала работа над інсцэніроўкай па раману Рэя Брэдберы “451 градус па Фарэнгейце”, у якой была і рэжысёрам, і актрысай. Калі прыйшоў час выбіраць, дзе пачынаць свой працоўны шлях, не раздумваючы паехала ў родныя Докшыцы. Вось ужо восем месяцаў тут – і ні разу не пашкадавала. У калектыве адчуваю сябе як дома. Прыемна, што, нягледзячы на мой статус маладога пачынаючага работніка, людзі прыслухоўваюцца і да маіх прапаноў у арганізацыі разнастайных культурна-масавых мерапрыемстваў. Сваімі напрацоўкамі дзялюся і з юнымі ўдзельнікамі тэатра мініяцюр “МЭМ”, кіраўніком якога з’яўляюся. Вельмі адчувальную падмогу атрымліваю ад артыстаў нашага народнага тэатра. Асабліва ўдзячна Тамары Дзям’янаўне Альшэўскай, з якой сёлета пашчасціла выступіць у пастаноўцы ўрыўка з камедыі Аляксандра Астроўскага “Свае людзі – палічымся!” на гарадскім балі. Цікава, што роля Ліпачкі для Тамары Дзям’янаўны ў свой час стала першай на докшыцкай сцэне. Мне падчас вучобы ў каледжы давялося іграць маці гэтай гераіні. А тут мы памяняліся ролямі.

Адной з самых адказных работ у якасці рэжысёра Докшыцкага народнага тэатра Яна Сіўцэвіч называе спектакль “Юбілей” па п’есе А.П. Чэхава. Прэм’ера яго прымеркавана да Міжнароднага дня тэатра, адбудзецца яна ў сераду, 2 красавіка, у 14 гадзін, у ККЗ “Іскра”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *