Пост – духовный рост. В чем смысл поста, размышляем с благочинным Докшицкого церковного округа протоиереем Леонидом Стрехой
У хрысціян зараз пост, які папярэднічае святу Вялікадня. І колькі святары ні тлумачаць, што пост мае два складальнікі – цялесны і духоўны, нямала прыкладаў таго, што менавіта ў гэты час, сканцэнтраваўшыся на першым – адмове ад пэўных страў, у плане духоўным людзі грашаць нават больш, чым у звычайныя дні. Якім чынам? Сяброўка нядаўна распавяла, як ад яе калегі ў час пастоў церпіць увесь калектыў, на якім яна зрывае сваё раздражненне, абзывае ўсіх бязбожнікамі, ставіць сябе ў прыклад (несумненна, яркая праява ганарлівасці, якая ў царкоўнай літаратуры называецца “гордыня”), робіць заўвагі ў грубай форме і ўвогуле не выглядае чалавекам шчаслівым. Калі хтосьці сказаў ёй пра гэта, жанчына моцна раззлавалася і адпарыравала: “А мы ў гэты свет не для шчасця прыходзім, а для пакут, каб было добра на тым свеце”. Гутарым пра тое, у чым сэнс посту, і разбіраемся ў падобнай сітуацыі (а яна, трэба думаць, не адзінкавая) з благачынным Докшыцкай царкоўнай акругі протаіерэем Леанідам СТРАХОЙ.
– Айцец Леанід, якія памылкі ва ўспрыняцці і разуменні посту найбольш частыя ў людзей?
– Самая галоўная – многія ўспрымаюць пост як суровае абмежаванне ў зямных радасцях. Калі гаварыць пра ежу і нейкія забаўляльныя рэчы ў нашым жыцці, то так, на сорак дзён мы сябе ў нейкай ступені абмяжоўваем у гэтым. Але важна памятаць, для чаго мы так паступаем: абмяжоўваючы сябе ў цялесных радасцях, мы ўзрастаем духоўна, час, які трацім на мітусню, на нявартыя ўвагі дробязі, аддаём, як ні пафасна гэта гучыць, Богу, нашаму яднанню з ім. Адназначна пост павінен садзейнічаць нашаму духоўнаму ўзбагачэнню. У адваротным выпадку гэта ўжо не пост, а банальная дыета.
– Дарэчы, пра дыеты. Некаторыя так і гавораць: папашчу – пахудзею.
– І гэтай фразай усё сказана. Можна сядзець на хлебе і вадзе, а ў душы, ва ўчынках сваіх заставацца тым жа або нават рабіцца горшым, як у вышэйназваным выпадку. Увогуле пост нельга разглядаць ні як аскезу, ні як нейкае геройства. Калі разабрацца, то так жыць мы павінны не пэўныя часавыя адрэзкі ў годзе, а заўжды. Жыць па запаведзях – хадзіць у храм, выхоўваць сябе і сваіх дзяцей у веры, не крыўдзіцца і не крыўдзіць, не быць злымі і сквапнымі, не асуджаць, дапамагаць усім, хто мае ў тым патрэбу, цаніць сваю сям’ю, клапаціцца пра бацькоў, не ленавацца, не зайздросціць, не ганарыцца сваімі поспехамі… Пералічваць можна яшчэ доўга, а коратка ўсё можна сфармуляваць так: несці ў свет дабрыню. Гэта і ёсць шчасце, і чалавек нараджаецца для шчасця. Іншая справа, наколькі ён зможа сам зрабіць сябе шчаслівым. А без веры, без дабрыні, самаахвярнасці, любові да людзей такое немагчыма.
– Такім чынам, пост – не мэта, а сродак?
– Менавіта так. Пост выхоўвае нас духоўна і стрымлівае нашы цялесныя страсці. Медыкі ж таксама пацвярджаюць: наша цела разбурае, нішчыць не абмежаванасць у ежы, а якраз яе празмернасць, і зараз гэта вельмі актуальна. Што датычыцца духоўнасці, то ў пост трэба як мага больш маліцца і як мага больш працаваць над сваім унутраным светам – так мы найлепш падрыхтуем сябе да сустрэчы Хрыстова Уваскрашэння.
– Дзесьці пачула прыгожы выраз: пост – вясна духоўная.
– Сапраўды, гучыць прыгожа і, калі ўдумацца, ісцінна. Давайце паразважаем, ацэньваючы разглядаемую сітуацыю. Вясной з-пад снегу не адразу паяўляюцца зялёная траўка, першацветы – спачатку вылазяць бруд і смецце. І калі чалавек у першыя тыдні посту раздражняецца ад таго, што не можа задаволіць якіясьці свае патрэбы, – гэта і ёсць той самы бруд. Пост і існуе для выдалення гэтага бруду з нашых душаў, каб кветкі ў іх зацвілі. Таму трэба за чысціню змагацца найперш духоўна, а фізічна, як бы там ні было, заўжды лягчэй.
– Абмежаванне падчас посту ад інфармацыйнага патоку – біча нашага часу – неабходнае?
– Чысціня ад сацсетак, ад шквалу не заўсёды патрэбнай інфармацыі, якой мы ўжо ўсе перанасычаны, вельмі важная. Думаю, гэта важней за ўстрыманне ад мяса ці шакаладу.
– Айцец Леанід, што пажадаеце нашым чытачам?
– Хачу пажадаць, каб у пост вы змаглі хоць крыху злавіць унутраную цішыню і ў гэтай цішыні пачуць Бога. І дай Бог, каб работа, якую вы праведзяце над сабой, прывяла вас да Вялікадня не проста як да свята з кулічамі і фарбаванымі яйкамі, а да найвялікшай радасці ў душы – Хрыстос уваскрэс!
Гутарыла Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.