Разноцветными красками раскрашивает жизнь Жанна Штоль из агрогородка Ситцы

ЕН 238 с

“Звяжу я лёс свой з яркіх нітак”, – гэтыя радкі з бардаўскай песні, падаецца, найлепшым чынам падыходзяць для характарыстыкі маёй гераіні – культарганізатара Сітцаўскага СДК Жанны Штоль. Многія ў раёне ведаюць гэтую сонечную, усмешлівую, сапраўды яркую і творчую жанчыну, якая фантаніруе ідэямі, усімі фібрамі сваёй душы любіць жыццё і не толькі сама знаходзіць радасць у кожным дні, але і шчодра дзеліцца ёю з іншымі. У гэтым артыкуле – пра яшчэ адну яе творчую грань.

Жанна Канстанцінаўна цудоўна вяжа. Мусіць, не будзе перабольшваннем сказаць – у аб’ёмах маленькага цэха. Практычна ўсё сваё жыццё.

– Ахвоту да стварэння прыгожых і непаўторных рэчаў з дапамогай пруткоў і клубка нітак прывіла мне яшчэ ў маленстве бабуля Стася, – распавядае Жанна. – Бабулечка цярпліва і з любоўю вучыла мяне вязальным азам, ды і я сама цягнулася да гэтай навукі – інакш бы нічога не атрымалася. Супрацоўніцтва наша дало плён: ужо ў пачатковых класах абсалютна без бабулінай дапамогі я вязала шалікі, шапкі і шкарпэткі. А першы світар, як зараз памятаю, быў мной адолены ў пятым класе, у адзінаццацігадовым узросце. Так вось, – смяецца, – і да гэтага часу спыніцца не магу.

Вытворчасць у Жанны Канстанцінаўны безадходная: нітак не прападае ні метра. Аднак калі хтосьці, хто пра такога роду занятак мае даволі туманнае ўяўленне, лічыць, што па бюджэце ён амаль не б’е, то памыляецца. Каб звязаць прыгожую і якасную рэч, патрэбна купіць прыгожыя і якасныя, а адпаведна і нятанныя, ніткі. Але апантаныя любімай справай людзі, як вядома, ні часу, ні сродкаў на яе не шкадуюць. Прынамсі, Жанна прызнаецца, што вяжа ў любую вольную хвілінку, ды і, што там казаць, у нявольную таксама, нават начамі і хварэючы. А ў крамах тыпу докшыцкага “Сундучка” проста гатова купляць ніткі мяхамі. Манетызаваць жа сваё захапленне майстрыха ніколі не спрабавала – звязанае шчодра раздорвае і атрымлівае ад гэтага задавальненне.

“Спектр” яе работ вельмі разнастайны. Буйныя рэчы – пледы, настольнікі, дарожкі, кардыганы, шалі, увогуле любое адзенне і прадметы інтэр’еру. Драбнаты ж, створанай яе нястомнымі рукамі, не пералічыць. Тых жа шкарпэтак, кажа, за жыццё не менш за паўтысячы пар звязала ў розных тэхніках. Са з’яўленнем Інтэрнэта з дапамогай майстар-класаў навучылася вязаць шыдэлкам, што дало магчымасць радаваць уласных траіх унукаў і ўвогуле дзятву цацкамі – ад іх ідзе цеплыня, якой ніколі не адчуць ад фабрычных вырабаў, якімі б яны яркімі і забаўнымі ні былі. А якія прыгожыя ажурныя сукенкі, сарафанчыкі, спаднічкі, каўнерыкі вяжа для ўнучкі! Для ўнукаў – світары, камізэлькі, шапкі з шалікамі. Столькі мілых дробязей, якія якраз і з’яўляюцца сімваламі цеплыні дамашняга ачага, выходзіць з-пад Жанніных умелых рук – сурвэткі, сімвалы года, велікодныя курачкі, прыхваткі… Сям’я яе захапленне адабрае і падтрымлівае, а ці ж гэта не стымул развівацца? А як жа правіла “Навучыўся сам – навучы іншых”, спытаеце? Вучыць! Вядзе гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Разумныя ручкі”, які наведваюць, канешне ж, дзяўчаткі.

“Калі бачу ніткі яркія, арыгінальнага адцення – не магу ўстаяць: адразу ж у галаве “малюецца”, што з іх можна зрабіць”, – дзеліцца майстрыха, і яе можна зразумець: вясёлкавы свет яе душы патрабуе такога ж знешняга праяўлення.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *