Школа юного журналиста «МедиаКЛАСС» представляет: юнкор Софья Воронович
Светлая іскра чалавечнасці
Аснова сутнасці людзей – чалавечнасць. Гэта паняцце ўключае ў сябе дабрыню, уменне спачуваць і дапамагаць бліжняму.
У гады Вялікай Айчыннай вайны гэтыя рысы праяўляліся (або не праяўляліся) у вышэйшай ступені – нездарма кажуць, што ў складаным становішчы кожны паказвае сваё сапраўднае аблічча.
Вайна асацыіруецца з жорсткасцю і бяздушшам. Але было шмат людзей, якія, нават не разумеючы важнасці сваёй справы, дапамагалі краіне перамагчы навалу: партызаны, дзеці, старыя, жанчыны. Захаваць памяць пра герояў, пра іх бескарыслівыя ўчынкі – наш абавязак. Нельга забываць пра тых, хто прынёс мір, аддаўшы за гэта самую вялікую плату – жыццё.
Простыя людзі сутыкаліся з маральнымі дылемамі. Напрыклад, падчас акупацыі было забаронена хаваць яўрэяў, бо за гэта немцы маглі забіць усю сям’ю. І вось стаіць выбар: дапамагчы ні ў чым не вінаватаму чалавеку і рызыкнуць сабой або прайсці міма? І многія рызыкавалі. Яны хавалі палонных, дапамагалі салдатам.
У мірны час выжыўшыя былі шчыра ўдзячныя за тое, што іх выратавальнікі не здрадзілі ўласным прынцыпам і засталіся людзьмі з высокімі маральнымі якасцямі.
Многія беларускія пісьменнікі звярталіся да тэмы чалавека на вайне, да праблемы захавання гістарычнай памяці. Але больш за ўсё мяне ўразіў твор Івана Навуменкі “Соль”, дзе распавядаецца пра партызан і гандляра, які працаваў у краме ў гады фашысцкай акупацыі і, ахвяруючы жыццём, перадаваў соль партызанам. Аднак пасля вайны ніхто ўжо не памятаў пра яго шчырую дапамогу. Нездарма мастак слова даў свайму апавяданню такую назву: соль у беларусаў са старажытных часоў сімвалізуе мудрасць і вечнасць. Соль адрознівала ежу чалавека ад дзікай, жывёльнай, таму заўсёды была адным з універсальных абярэгаў. На маю думку, вобраз-сімвал, абраны пісьменнікам для назвы апавядання, увасабляе людзей, якія прыносяць карысць грамадству дзякуючы маленькім справам з вялікім значэннем.
Чалавечнасць – гэта тое, што дапамагае нам заставацца людзьмі ў любых абставінах. Яе наяўнасць дазваляе памятаць, што нават у цемры вайны іскра чалавечнасці можа асвятліць шлях чалавеку, які, здаецца, страціў сэнс жыцця.
Соф’я ВАРАНОВІЧ,
вучаніца 11 класа СШ № 1 г. Докшыцы.