Тракторист ГЛХУ “Бегомльский лесхоз” Игорь Апенко стал лучшим работником лесного хозяйства
Трактарыст на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Ігар Апенка стаў лепшым работнікам лясной гаспадаркі і будзе занесены на раённую Дошку гонару па выніках 2024 года.
Да таго ж, яго кандыдатура рэкамендавана сходам працоўнага калектыву лясгаса да ўзнагароджвання медалём “За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”. Справа ў тым, што Ігар Валер’евіч разам з іншымі сваімі калегамі самаадана нясе вахту на ліквідацыі наступстваў ветравалаў у Буда-Кашалёўскім раёне. За час распрацоўкі ветравальна-бураломных лесасек на тэрыторыі Гомельскай вобласці, дзе Ігар Апенка знаходзіўся 66 дзён, гэтым супрацоўнікам была праведзена ачыстка лесасек ад парубачных рэшткаў на плошчы 55 гектараў.
Ігар Апенка родам з Бягомля, з тэхнікай на “ты” з самага юнацтва. Пачынаў працоўны шлях у сельскай гаспадарцы слесарам, затым восем гадоў працаваў трактарыстам-машыністам. У 2006 годзе ўладкаваўся ў Прудніцкае лясніцтва. Давялося быць і абрубшчыкам, і лесніком, але ў 2008 годзе лёс зноў прывёў у кабіну трактара. Прызванне, не інакш.
У калектыве перадавога трактарыста характарызуюць як сціплага, добрасумленнага, адказнага работніка, які пры выкананні сваіх абавязкаў праяўляе кампетэнтнасць і стараннасць. Ён спагадлівы чалавек і клапатлівы бацька.
Ігар Валер’евіч выконвае ўсе даведзеныя планавыя заданні і нормы работ, беражліва ставіцца да тэхнікі. За 2024 год сярэдняе выкананне нормаў выпрацоўкі склала 134 працэнты.
За заслугі ў галіне лясной гаспадаркі ў 2021 годзе Ігару Апенку была аб’яўлена Падзяка міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, у 2024 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Мiністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Наталля СТАШЭВІЧ.
#нашалепшае
#нашелучшее
#слётпередовиков