Улучшение качества жизни людей — в приоритете, убежден депутат Палаты представителей Анатолий Сивко
Крыху больш чым год таму – 25 лютага 2024 года – у Беларусі ўпершыню прайшоў адзіны дзень галасавання. Менавіта тады нам трэба было выбраць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, больш за 12,5 тысячы дэпутатаў мясцовых Саветаў дваццаць дзявятага склікання – усіх трох тэрытарыяльных узроўняў.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 быў абраны наш зямляк, былы дырэктар ААТ “Завод “Ветразь” Анатолій Сіўко. Ён з’яўляецца членам рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам асобных дзяржаў Заходняй і Усходняй Азіі і па супрацоўніцтве з Парламентам Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам. У рамках сваёй дэпутацкай дзейнасці прымае актыўны ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, накіраваных на ўмацаванне міжпарламенцкіх сувязей.
Больш падрабязна пра сваю дэпутацкую дзейнасць Анатолій Сіўко расказаў у інтэрв’ю карэспандэнту “РВ”.
– Анатолій Віктаравіч, над якімі законапраектамі працавалі ў мінулым годзе?
– У цэлым, выкажу сваё меркаванне, працаваць дэпутатам адказна, – канстатаваў Анатолій Віктаравіч. – Мае паўнамоцтвы ў першую чаргу накіраваны на рэалізацыю заканадаўчых ініцыятыў, рашэнне сацыяльна-эканамічных пытанняў і прадстаўленне інтарэсаў выбаршчыкаў сваёй акругі. У мінулым годзе Пастаяннай камісіяй па эканамічнай палітыцы, у склад якой уваходжу, быў падрыхтаваны і ўнесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў шэраг законапраектаў. Прыняты ў другім чытанні праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях урэгулявання неплацежаздольнасці”. У першым чытанні прыняты праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб праспектах каштоўных папер”. Лічу, што падпісанне гэтага дакумента з’яўляецца крокам да стварэння адзінай эканамічнай прасторы, збліжэння фінансавых рынкаў і нарошчвання аб’ёмаў узаемных інвестыцый.
– У чым заключалася Ваша работа з выбаршчыкамі?
– Летась мною было праведзена 17 асабістых прыёмаў грамадзян і 62 сустрэчы ў працоўных калектывах у Глыбоцкім, Докшыцкім і Міёрскім раёнах. Разгледжана больш за 70 зваротаў ад жыхароў акругі, якія датычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі і іншых сфер. Удалося вырашыць шэраг пытанняў, звязаных з добраўпарадкаваннем сельскіх населеных пунктаў, рамонтам дарог і жылфонду, прадастаўленнем арэнднага жылля для маладых спецыялістаў. Напрыклад, жыльцы аднаго з дамоў на вуліцы Багдановіча ў Міёрах падчас прыёму расказалі, што не задаволены правядзеннем капітальнага рамонту чатырохпавярховіка. Каб дапамагчы рашыць праблему, разам са старшынёй, службовымі асобамі райвыканкама і прадстаўнікамі кіруючай кампаніі выехалі на месца. Вызначылі графік правядзення першачарговых работ і парадак кантролю за іх выкананнем. На сённяшні дзень рамонт завершаны.
У Докшыцах аказана садзейнічанне ў актывізацыі будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома № 36 на вуліцы Ленінскай. Пасля зваротаў жыхароў г. Дзісны ва ўстаноўленыя тэрміны была арганізавана штодзённая работа аўтакасы з відэаназіраннем у зале чакання, а таксама адрамантаваны аўтамабільны мост праз раку.
– Што з’яўляецца для Вас прыярытэтам?
– Гэта паляпшэнне якасці жыцця кожнага жыхара акругі. У далейшым разам з органамі ўлады будзем прадпрымаць усе неабходныя меры для таго, каб рэалізоўваць нашы агульныя мэты.
Выказваю ўдзячнасць маім выбаршчыкам за давер, актыўную грамадзянскую пазіцыю, канструктыўныя прапановы па развіцці рэгіёнаў і краіны ў цэлым.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.