В Докшицком районе выставленный на аукцион пустующий дом продан за 10 тысяч рублей
Пустуючы дом у вёсцы Бабцы, выстаўлены на аўкцыён за адну базавую велічыню (42 рублі), прададзены за 10 тысяч рублёў! Цікавасць выклікае і факт, што таргі ў падобным фармаце праводзіліся ў раёне ўпершыню, бо на пакупку падалі аж сем заявак. Згодна з правіламі, была створана камісія па правядзенні аўкцыёну, у якую ўвайшлі спецыялісты землеўпарадкавальнай службы, аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аддзела эканомікі райвыканкама, работнікі Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна і Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў. Прадаўцом выступіў Бягомльскі сельвыканкам, у адміністрацыйным будынку якога і праводзіліся таргі.
На аўкцыён прыехалі шэсць прэтэндэнтаў. Адзін з іх – грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які пражывае ў Мінску, яшчэ трое таксама з беларускай сталіцы, а двое – жыхары Бягомля, ураджэнцы вёскі Бабцы.
Старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Захарэвіч і справавод сельвыканкама Алена Пруская азнаёмілі ўдзельнікаў з умовамі мерапрыемства. Так, аўкцыён праводзіцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 г. № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” і Палажэннем аб парадку продажу без правядзення аўкцыёнаў пустуючых жылых дамоў, арганізацыі і правядзення аўкцыёнаў па іх продажы, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23.09.2021 г. № 547.
Да гэтай нагоды работнікі сельвыканкама падрыхтавалі і знакавую атрыбутыку: малаток з падстаўкай і таблічкі з нумарамі ўдзельнікаў, што прыдавала дзейству “кіношнасці”.
І вось пачалося. Аўкцыяніст Алена Пруская аб’яўляе лічбу за лічбай. Прырост кожнага новага кроку аўкцыёну – у межах 15 працэнтаў: 42 рублі; 48 рублёў 30 капеек… 1202 рублі 26 капеек… Менавіта з апошняй меткі патэнцыяльныя ўладальнікі нерухомасці пачалі адсейвацца. Нарэшце, “крытычны” для дадзенага аўкцыёну 40-ы крок з коштам
11 250 рублёў 27 капеек. Жадаючых няма. Папярэдняя прапанова знаходзілася на суме 9782 рублі 84 капейкі, на якую пагаджаліся двое. Паводле ўмоў, калі двое і больш удзельнікаў пагаджаюцца з аб’яўленай цаной, але ні аднаго не задавольвае наступная, аўкцыяніст прапаноўвае ім аб’явіць сваю, вышэйшую за апошнюю, на якую яны былі гатовы. “Дзесяць тысяч!” – заяўляе адзін з пакупнікоў. Другі “адступае”. Са стукам малатка гучыць запаветнае “Прададзена!”
Усяго ў Бягомльскім сельсавеце на дадзены момант прызнаны пустуючымі 6 дамоў. У мінулым годзе быў знесены адзін аварыйны – якраз у Бабцах.
Зразумела, карэспандэнты “РВ” не маглі ўпусціць магчымасці наведаць сядзібу з прададзеным домам. Выехалі ў Бабцы разам з работнікамі сельскага Савета дэпутатаў і будучым гаспадаром Уладзімірам, грамадзянінам Расіі.
Да вёскі ад гарпасёлка кіламетраў пяць.
– Падкупіла зручнае месцазнаходжанне дома, – распавядае пераможца аўкцыёну. – Адносна недалёка ад Мінска, добра дабірацца. А навокал такія прыгожыя краявіды! Свежае паветра, якім не надыхацца. Нездарма побач запаведная зона. Лецішча ў мяне няма, блізкіх сваякоў у вёсцы, куды можна было б прыязджаць як да сябе дамоў, таксама, таму пакупка ўласнага вясковага жылля задавальняе найлепшым чынам.
Да размовы далучаецца Сяргей Захарэвіч:
– Канечне, Бабцы – гэта ўжо не той населены пункт, што быў раней. Цяпер тут пражывае ўсяго 64 чалавекі, з іх 35 працаздольных і 13 дзяцей. Але многія апусцелыя дамы заняты дачнікамі. Прыемна, што вёска жыве і папаўняецца жыхарамі. Сюды прыязджае аўтакрама, непадалёку знаходзіцца магазін АЗС, дзе таксама можна набыць прадукты і прадметы быту. А адметнасць бабцаўскіх ваколіц адзначае кожны, хто бывае тут першы раз.
Пад’язджаем да дома. Драўляны, не вельмі вялікі, але крэпкі, з аканіцамі. У двары глыбокі калодзеж, пабудовы гаспадарчага прызначэння, далей – лазня. Сад. Можна толькі ўявіць, як будуць цешыцца гараджане ўласным набыткам.
Заходзім у хату. Веранда, кухня з печкай і ляжанкай, два пакоі, адзін з якіх больш прасторны. Мэбля ад папярэдніх гаспадароў. Нягледзячы на доўгі “прастой”, жыллё ўсё роўна выглядае ўтульным. А ўжо калі рукі прылажыць!..
На развітанне жадаем сям’і новага гаспадара плённай працы па ажыўленні жытла і цудоўнага адпачынку ў гэтым светлым куточку докшыцкага краю.
– Грошы, атрыманыя ад продажу дома, пойдуць на рахунак сельвыканкама, – адзначае Сяргей Захарэвіч. – Мяркуем патраціць іх на аздабленне населеных пунктаў сельсавета, нездарма ж 2025 год – Год добраўпарадкавання.