Оздоровление в гармонии с природой предлагает санаторий «Лесное» в Докшицком районе

Пабывалі ў «Лясным» (злева направа): Вольга Гражэўская, Святлана Ігнацкая, Жанна Юковіч, Марына Палуянчык, Таццяна Марціновіч і Наталля Пятровіч.
У 2025 годзе кожны месяц у Беларусі прысвечаны пэўнаму віду турызму. Так, студзень быў часам адкрыцця для сябе духоўнай спадчыны нашай краіны. У лютым уся ўвага накіроўвалася на лячэбна-аздараўленчы турызм. Такім выдатным месцам, дзе можна не толькі добра адпачыць, але яшчэ і паправіць здароўе, з’яўляецца санаторый. Іх у нашым раёне два: “Баравое” і “Лясное”.
Якраз у “Лясное” адправіліся ў адзін з лютаўскіх дзён разам з загадчыкам сектара па спорце і турызме райвыканкама Віктарам Гаўрыловічам і прадстаўнікамі Докшыцкага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Святланай Ігнацкай і Марынай Палуянчык, каб пазнаёміцца з дзейнасцю здраўніцы. Пры гэтым тутэйшых адпачывальнікаў чакаў сюрпрыз – выстава-кірмаш разнастайных, эксклюзіўных вырабаў і сувеніраў ручной работы, прадстаўленых майстрамі раённага Дома рамёстваў Наталляй Пятровіч і Таццянай Марціновіч і кіраўнікамі творчых гурткоў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Вольгай Гражэўскай і Жаннай Юковіч.
Дзень выдаўся сонечны, ясны, прыгожы. Значыць, ёсць надзея зрабіць шмат запамінальных фотаздымкаў! З паўсотні кіламетраў ад Докшыц да вёскі Дамашкавічы, каля якой і размешчаны санаторый, – і вось мы на беразе ляснога Дамашкаўскага возера. Яго асаблівасць у тым, што гэта найбольш высока размешчанае возера Беларусі (239,1 метра над узроўнем мора). У вадаёме плошчай больш за 100 гектараў б’юць ключы трох прыродных крыніц.
Здраўніца мае шыракапрофільную лячэбную базу. Асноўныя кірункі – лячэнне касцёва-мышачнай сістэмы, а таксама кровазвароту, органаў дыхання, стрававання, захворванняў скуры. Адна з унікальных паслуг санаторыя – крыатэрапія. Дарэчы, упершыню ў рэспубліцы крыасаўна з’явілася менавіта ў “Лясным”, таму сёння можна сказаць, што ўрачамі здраўніцы назапашаны вялікі вопыт лячэння розных захворванняў тэмпературай мінус 110 градусаў па Цэльсію. Вялікай папулярнасцю таксама карыстаюцца касметалагічныя паслугі. А яшчэ галакамера, баракамера, бальнеатэрапія і многае-многае іншае. У санаторыі ёсць свая крыніца мінеральнай вады “Лясная”, якая па якасных характарыстыках не мае аналагаў у Беларусі і набліжаецца да тыпу казахскай “Алма-Ацінскай” і “Скуры” (Грузія).
Акрамя камфартабельных нумароў, у летні сезон адпачывальнікам прапаноўваюцца домікі рыбака і лесніка. Ёсць кемпінг. Палаткі і ўсё іншае, што трэба для такога віду адпачынку на прыродзе, можна ўзяць у пункце пракату тут жа. Як і лодкі, катамараны, байдаркі і ўвогуле разнастайны спартыўны інвентар.
Існуе легенда, што ў пачатку XV стагоддзя на месцы санаторыя стаяў замак, а мясцовыя лясы поўніліся дзікай жывёлай. Аднойчы дзік выкапаў велізарны камень-валун, з-пад якога стала біць крыніца. Так і ўтварылася возера.
У сярэднія вякі, каб загаіць баявыя раны ці пазбавіцца ад хвароб, сюды прыязджалі мясцовая знаць і воіны. Гаючую ваду нават заказвала Кацярына II.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў раёне цяперашняга размяшчэння санаторыя дыслакавалася спецгрупа НКДБ СССР “Шчаслівыя”, якая ажыццяўляла разведвальна-баявыя аперацыі ў Мінскай і Віцебскай абласцях. У санаторыі свята шануюць памяць пра абаронцаў Айчыны. На яго тэрыторыі ўстаноўлена і асвечана капліца ў гонар загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў-чэкістаў і партызан.
Будаўніцтва санаторыя на гэтым унікальным месцы пачалося ў 1987 годзе. Ужо праз два гады здраўніца прыняла першых адпачывальнікаў. У мінулым годзе санаторый вышэйшай катэгорыі “Лясное” адсвяткаваў сваё 35-годдзе.
Санаторый з’яўляецца адным з самых запатрабаваных месцаў у рэспубліцы для правядзення розных аздараўленчых, спартыўных і культурна-забаўляльных праграм.
Нацешыўшыся прыгажосцю мясцовай прыроды, дадому вярталіся з адной думкай: абавязкова прыехаць сюды яшчэ раз.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.