Чистим перышки. РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» предлагает воспользоваться услугой чистки пухово-перьевых изделий
Звярнуцца ў пральню РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” пасадзейнічала аб’ява ў “РВ”, дзе паведамлялася аб прадастаўленні паслуг па мыцці бялізны і чыстцы пухова-пер’евых вырабаў у будынку лазні на вуліцы Пушкіна ў райцэнтры. Адразу падумала пра дамашнія падушкі, якія даўно патрабавалі прафесійнай чысткі.
З будынка Дома быту, што на вуліцы Ленінскай, у былое жаночае аддзяленне лазні пральня пераехала ў пачатку лютага. Там працягваюцца рамонтныя работы, каб у хуткім часе прапанаваць жыхарам раёна яшчэ адну паслугу па чыстцы дывановых вырабаў.
На ўваходзе размешчаны стэнд з прэйскурантам кошту паслуг і іншай інфармацыяй для спажыўца. На прыёмным стале – кнопка выкліку персаналу. Толькі на яе націснула, як з суседняга пакоя з прыязнай усмешкай выйшла работніца. Знаёмімся. Алена Буцько (на здымку) дзявяты год працуе ў РУП ЖКГ. У пральні з аперацыямі спраўляецца адна, бо ўсю работу выконвае тэхніка. Кошт паслугі чысткі пухова-пер’евых вырабаў ацэньваецца па першапачатковай вазе рэчаў, таму падушкі адразу ўзважваюцца.
– Далей пер’е з іх высыпаецца ў спецыяльную машыну, дзе спачатку прасушваецца, гаворыць Алена. – Потым выдаляецца смецце. Дзякуючы асаблівай канструкцыі і накіраванасці паветранага патоку самыя цяжкія і нелятучыя іншародныя ўключэнні застаюцца ў камеры загрузкі. Пыл, дробны пясок, ворс, а таксама мікраарганізмы, напрыклад, пылавы клешч, адсмоктваюцца праз бакавую сетку. Ачышчанае пер’е праходзіць дэзінфекцыю ультрафіялетавымі прамянямі і паступае ў іншы адсек, у якім запаўняе новую насыпку. Яе памер вызначае заказчык. Мне застаецца толькі зашыць адтуліну – і ўсё, работа выканана. Аплата паслугі адбываецца пры атрыманні гатовага заказу. Для зручнасці кліентаў зрабіць гэта можна не толькі наяўнымі грашыма, а і праз тэрмінал.
На выкананне паслугі адводзіцца да чатырнаццаці дзён. Сваіх падушак давялося чакаць трошкі больш за тыдзень. Залежыць гэта ад колькасці наяўных заказаў. А іх хапае. Ад насельніцтва, якое актыўна карыстаецца паслугамі пральні і прыносіць на мыйку ці чыстку вялікія пледы і зімовае верхняе адзенне. І ад арганізацый. Напрыклад, у нас абслугоўваецца рэстаран, гасцініца, бальніца, лясгас. Прывозяцца сюды і заказы з комплексных прыёмных пунктаў, якія дзейнічаюць у Параф’янаве і Крулеўшчыне, а таксама з Бягомля. Пасцельная бялізна не толькі мыецца і сушыцца, а яшчэ і прапускаецца праз гладзільны прэс, што таксама палягчае работу хатняй гаспадыні.
Дарэчы, абед у пральні з 12.00 да 13.00. З трох старых падушак заказала дзве. Гэта выклікала спрэчку ў дамачадцаў, бо, як аказалася, усе хацелі спаць менавіта на пер’евых вырабах. Добра, што бабуліных запасаў яшчэ хапае, а таму паслугай пральні ў бліжэйшы час скарыстаюся зноў.
- Чыстка кілаграма пер’я каштуе 4 рублі 50 капеек. Плюс насыпка па памерах заказчыка.
- Падушкі, дакладней, падгалоўі, сталі мяккімі толькі ў старажытных рымлян і грэкаў. Менавіта яны здагадаліся напаўняць падушку бавоўнай або саломай, а ў багатых дамах – мяккім пер’ем. Толькі былі яны тады маленькімі, з пару кулакоў.
- Падушкі з натуральным напаўненнем з’яўляюцца лёгкімі і паветранымі, на іх камфортна спаць як летам, так і зімой. Акрамя таго, яны валодаюць гіграскапічнымі ўласцівасцямі – добра ўсмоктваюць вільгаць, а выдатная цыркуляцыя паветра забяспечвае яе хуткае выпарэнне. Да недахопаў можна аднесці дзве асаблівасці. З-за свайго натуральнага паходжання напаўняльнік прывабны для пакаёвых паразітаў, таму такія падушкі неабходна рэгулярна падвяргаць чыстцы і дэзінфекцыі. А яшчэ яны не рэкамендаваны людзям, якія пакутуюць на алергію.
- Тэрмін карыснага выкарыстання пер’евай падушкі –каля пяці гадоў. За гэты час яе варта чысціць прыкладна два разы на год. Штогод выраб трэба падвяргаць глыбокай прасушцы, пажадана на сонцы. Такая працэдура дазваляе падоўжыць тэрмін службы ў два разы. Рэкамендуецца таксама вытрымліваць падушкі некалькі гадзін на марозе, што дазваляе абеззаразіць пяро.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.