Заместителем заведующего по основной деятельности Бегомльского детского сада работает Наталия Земчёнок
Самае каштоўнае ў рабоце з маленькімі дзецьмі – гэта самі дзеці, іх “жывыя” эмоцыі, шчырасць і непасрэднасць. “Працуючы з імі, выхавальнікі надоўга застаюцца ў душы маладымі”, – заўважае Наталія Зямчонак, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Бягомльскага дзіцячага сада.
У школьныя гады Наталія марыла пра медыцыну і нават на два гады паехала вучыцца з роднай Глыбоччыны ў Домжарыцкі экалагічны ліцэй, каб перад паступленнем удасканаліць веды па хіміі і біялогіі. Але лёсавызначальная сустрэча з цудоўным ліцэйскім псіхолагам перавярнула яе погляды на выбар прафесіі. Захацелася таксама дапамагаць людзям у пошуках выйсця са складаных жыццёвых сітуацый.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка набыла спецыяльнасць “Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія”. Працавала ў Уздзенскай санаторнай школе-інтэрнаце, Глыбоцкім ТЦСАН, Бягомльскай спецыяльнай школе-інтэрнаце – з рознымі катэгорыямі падапечных. Калі ў 2014 годзе ўладкоўвала ў дзіцячы сад свайго старэйшага сына, атрымала прапанову заняць пасаду намесніка загадчыка. Згадзілася і ні разу не пашкадавала. Тут яна рэалізавала сябе як метадыст. А нядаўна паступіла яшчэ на дэфектолага, каб пашырыць гарызонты прафесійнай дзейнасці.
Наталія Леанідаўна займаецца ў дзіцячым садзе адукацыйнай работай. Праводзіць майстар-класы, семінары-практыкумы, аказвае дапамогу педработнікам у асваенні інавацыйных тэхналогій, стварэнні прадметна-развіваючага асяроддзя.
Пад яе кіраўніцтвам ва ўстанове рэалізуецца абласны творчы праект «Укараненне тэхнікі візуалізацыі ў адукацыйны працэс», функцыянуюць сеткавая супольнасць «Жывыя лісты дашкольнікаў» і эколага-адукацыйнае аб’яднанне «Дашкольнае лясніцтва «Зялёны лісток». Асабліва вылучае педагог работу ў дашкольным лясніцтве, падчас якой выхаванцы самі саджаюць дрэўцы і з цікавасцю знаёмяцца з “ляснымі” прафесіямі. У мінулым годзе лясніцтва ўзнагароджана дыпломам І ступені ў абласным конкурсе «Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы ў ранняй прафесійнай арыентацыі дзяцей дашкольнага ўзросту».
Наталія Зямчонак не толькі асабіста прымае актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, але і ўмее захапіць іншых. Яна пастаянны ўдзельнік спартыўных і турыстычных спаборніцтваў.
Калектыў установы дашкольнай адукацыі ў 2024 годзе заваяваў шэраг дыпломаў у конкурсах розных напрамкаў, у гэтым вялікая заслуга і Наталіі Зямчонак.
Ніна КРУКОВІЧ.
#нашалепшае
#нашелучшее
#слётпередовиков