Заведующей Крулевщинского отделения круглосуточного пребывания для граждан пожилого возраста и инвалидов работает Лилия Павлинович
Наша мамка – так ласкава называюць жыхары Крулеўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў яго загадчыка Лілію Паўліновіч.
На гэтай пасадзе Лілія Анатольеўна, па прафесіі настаўнік пачатковых класаў, з 2015 года. Прызнаецца, што яе прыход у аддзяленне ў пэўнай ступені выпадковы і для яе самой неспадзяваны. Думала, што доўга там не затрымаецца, а выйшла так, што і затрымалася, і прыкіпела душой і сэрцам да сваіх падапечных.
– Самая большая складанасць у рабоце для мяне заключаецца ў тым, што за адміністрацыйнай дзейнасцю моцна нестае часу на жывыя зносіны з людзьмі, а хочацца аддаваць ім сябе як мага больш, – гаворыць Лілія Анатольеўна. – Усё ж штодзённа выкройваю хвіліны, каб наведацца да кожнага з трыццаці трох нашых насельнікаў. Разумею, што парой сказаць некалькі цёплых слоў, пацікавіцца самаадчуваннем, проста пагладзіць чалавека па руцэ – гэта падняць яму настрой на цэлы дзень. Так, пажылым людзям патрэбны камфорт і клопат, але яшчэ больш неабходны ўвага, простыя чалавечыя зносіны.
Лілія Паўліновіч – натура дзейсная, творчая і вельмі энергічная. Звычайна такія людзі проста выпраменьваюць вакол сябе пазітыў. Ідзём з ёй па аддзяленні, заглядваем у пакоі. На хаду загадчыца камусьці каўнер у кашулі паправіць, у кагосьці спытае пра ціск, у кагосьці пацікавіцца, ці смачны быў сняданак, ці цёпла ў новых шкарпэтках… У адказ – ажыўленне, усмешкі, агеньчыкі ў вачах.
– Нават калі строгасць уключаю, бо ўсякае здараецца, не крыўдзяцца на мяне, разумеюць, што так трэба і што я іх усё роўна люблю і шкадую, – дзеліцца суразмоўца. – А ўвогуле адзін у полі не воін. Калектыў у мяне такі ж падабраўся, людзей абыякавых у ім няма, пра кожнага свайго работніка, а іх чатырнаццаць, магу сказаць толькі добрыя словы. Усе яны мае памочнікі ў правядзенні рэабілітацыйных мерапрыемстваў, у гуртковай рабоце. А калі якая форс-мажорная сітуацыя – усе прыбягаюць праз хвіліны незалежна ад часу сутак. Яшчэ бязмерна ўдзячна калегам з ТЦСАН, асабліва за дапамогу ў набыцці неабходных сродкаў для паляпшэння якасці жыцця нашых насельнікаў. Міласэрнасць – адна з самых цудоўных праяў чалавечай душы. Я шчаслівая ад таго, што лёс даў мне магчымасць для яе праяўлення ў такой немалой ступені.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.
#нашалепшае
#нашелучшее
#слётпередовиков