Алина Шелемова из Докшиц овладела всеми профессиями, связанными с выпечкой хлеба и хлебобулочных изделий
Адчувае цеста і плавае, як рыбка. Такія дзве разнапланавыя адметнасці ў заквасчыка Докшыцкага хлебазавода Аліны Шалемавай.
Аліна Рамуальдаўна – адна са старажылаў прадпрыемства: трыццаць тры гады стажу і адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Па спецыяльнасці пекар-кандытар, яна тым не менш асвоіла ўсе прафесіі, якія маюць дачыненне да выпечкі хлеба і хлебабулачных вырабаў. Не таму, што шукала чагосьці лепшага, а таму, што касцяк хлебазаводаўскага калектыву – гэта майстры-ўніверсалы, здольныя, калі неабходна, выдатна замяняць адзін аднаго. Суразмоўца прызнаецца, што працаваць з закваскамі ёй спадабалася больш за ўсё, і дастаткова працяглы тэрмін яна рупіцца менавіта на гэтым участку, сумяшчаючы, як і яшчэ чатыры яе калегі, асноўную работу з працай цестамеса.
– Быць заквасчыкам – справа нялёгкая і вельмі адказная, – гаворыць начальнік лабараторыі завода Святлана Чурко. – Тут патрэбна, па-першае, выдатна адчуваць цеста, а гэта, мабыць, такі ж дар, як музычны слых ці добры густ. Наша Аліна гэтым дарам валодае. Ну а такія рысы, як адказнасць, пунктуальнасць, патрабавальнасць да сябе, дазваляюць ёй паспяхова спраўляцца з задачай. Закваска рыхтуецца ажно ў тры стадыі, на кожную адводзіцца 160-200 хвілін. Першая стадыя – абцукроўванне – гэта заварванне мукі і соладу пры строга вызначанай тэмпературы і вільготнасці. Наступная – заквашванне. Тут таксама трэба вытрымаць тэмпературу ў 45-55 градусаў, інакш бактэрыі загінуць, і трэцяя стадыя, зброджванне, ужо не будзе мець сэнсу. Канечне, гэта аб працэсе ў двух словах – на справе ўсё куды больш складана. Але, думаю, можна ўявіць, што халатнасць тут ніякім чынам не пройдзе – саб’ецца непарыўны працэс, чаго дапускаць катэгарычна нельга.
Сама ж Аліна Рамуальдаўна, як выявілася, чалавек вельмі сціплы, на такіх момантах свой аповед не засяроджвае. Гаворыць пра тое, што работа – любімая, што водар цеста і спечанага хлеба – самы прыемны ў свеце, што ў калектыве ёй камфортна ўсе гэтыя тры з лішкам дзесяцігоддзі… Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Наталля Онухава адзначае, што на заводзе шмат гадоў працавалі свякроў нашай гераіні Ганна Васільеўна і муж Сяргей Барысавіч, што Аліна Рамуальдаўна ніколі не застаецца ў баку ад прафсаюзнага жыцця, што не толькі з цестам сябруе, але і мясныя вырабы ў яе атрымліваюцца – смаката: частуе калег дамашнімі каўбасой, тушонкай.
Аліна Шалемава не абмяжоўвае сябе звыклым для многіх жанчын устоем “дом – работа”: часта ездзіць у Мінск да дачкі з зяцем, дзе і ў парк, і ў кіно, і ў тэатр, і на выставу. А самае вялікае яе захапленне – басейн.
– Не прапускаю ніводнага дня, у якую б змену ні прыйшлося працаваць, – дзеліцца з іскрынкай у прыгожых блакітных вачах. – Два гады ўжо, як займаюся плаваннем – а да гэтага зусім не ўмела – і наведваю заняткі па аквааэробіцы. Шкадую толькі аб тым, што не пайшла ў басейн раней: плаванне, гімнастыка ў вадзе – проста бальзам для здароўя, а для падняцця настрою ў маім жыцці з’явіўся яшчэ адзін цудоўны калектыў, цёплыя чалавечыя зносіны, дапамога і прыклад трэнераў. З нецярпеннем чакаю кожнай новай сустрэчы і рада, што ў дадатак да работы па душы маю такое класнае хобі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.