Аптека в Докшицах из помещения почты переехала на территорию «Белтелекома»
З нядаўняга часу дзяржаўная аптэка № 269 у Докшыцах пераехала з памяшкання ўчастка паштовай сувязі на тэрыторыю “Белтэлекама”. Што змянілася, акрамя адраса? Карэспандэнт “РВ” распавядае з месца падзей.
Новае размяшчэнне аптэкі – у тым жа будынку ў цэнтры горада, што прывычна і зручна для пакупнікоў. Арандаванае памяшканне светлае і практычна ўдвая большае за папярэдняе. Плошча дазваляе пашырыць асартымент, выкладку і запас лякарстваў, БАДаў, медыцынскай тэхнікі і іншых аптэчных тавараў, якіх тут усяго каля трох тысяч найменняў.
Павялічыўся час работы. Калі раней па буднях аптэка працавала з 9.00 да 18.00, то цяпер з 9.00 да 19.00. Больш за тое, у выпадку запатрабаванасці насельніцтвам будзе разгледжана пытанне яшчэ аб адным падаўжэнні працоўнага дня. Рабочай стала нядзеля – як і ў суботу, аптэка адкрыта з з 9.00 да 15.00.
– І наведвальнікі, і самі работнікі задаволены такімі перавагамі, – каменціруе перамены Таццяна Гуц, загадчык Цэнтральнай аптэкі № 95 Докшыцкага раёна першай катэгорыі, у структуру якой уваходзіць і аптэка № 269. – Забяспечана большая даступнасць і камфорт для пакупнікоў, што павінна станоўча адбіцца на дзейнасці ўстановы.
У аптэцы № 269 працуюць загадчык Ала Скурат і фармацэўт-рэцэптар Аліна Піскуновіч. У Алы Мікалаеўны больш за трыццаць гадоў стажу работы ў фармацэўтыцы раёна, таму яна з веданнем справы дапамагае ў асваенні прафесіі сваёй маладзейшай калезе – леташняй выпускніцы медкаледжа. Абедзве ветлівыя і тактоўныя ў зносінах з пакупнікамі, што надзвычай важна для работы ў гэтай галіне.
Усяго ў раёне 9 дзяржаўных аптэк Віцебскага РУП “Фармацыя”, у тым ліку тры – у Докшыцах.
Дарэчы, тут, як і ва ўсіх дзяржаўных аптэках раёна, даецца скідка ў памеры да 2 % ад рознічнага кошту на лекавыя прэпараты айчыннай вытворчасці, якія набываюцца за поўны кошт ці на ўмовах бясплатнага і льготнага водпуску. А з 14 красавіка па 31 мая ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашызму, ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў з нагоды 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прадастаўляецца скідка на лякарствы айчыннай вытворчасці, якія рэалізуюцца без рэцэпта ўрача, у памеры 5 %.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.