Информацию о земляках-ветеранах Великой Отечественной войны собирают в Порплищенской сельской библиотеке
У Парплішчанскай сельскай бібліятэцы актыўна вядзецца пошукава-даследчая дзейнасць па зборы інфармацыі пра землякоў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У спісах тых, хто прайшоў дарогамі вайны і вярнуўся дадому, значыцца 125 чалавек. На жаль, нікога з іх ужо няма ў жывых. Загінулі ці прапалі без звестак 49 парплішчанцаў, чатыры былі расстраляны за сувязь з партызанамі.
– Мы пакрысе збіраем інфармацыю пра нашых продкаў, – гаворыць загадчык установы Святлана Атрахімовіч. – Для гэтага выкарыстоўваем розныя крыніцы: перапіску са сваякамі, гістарычныя звесткі, фотадакументы, артыкулы ў газетах мінулых часоў. Летась наша база папоўнілася матэрыялам яшчэ пра трох землякоў. Жыхарка аграгарадка Порплішча Раіса Лычко падзялілася ўспамінамі і архіўнымі дакументамі пра свайго бацьку Паўла Аляксеевіча Кіцько. Ён нарадзіўся ў вёсцы Валодзькі ў 1923 годзе. На ваенную службу быў прызваны 10 кастрычніка 1944 года, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ваяваў у Польшчы і Германіі. Пасля капітуляцыі гітлераўскай Германіі прымаў удзел у ваенных дзеяннях на Далёкім Усходзе. Быў паранены ў нагу. Пасля шпіталя працаваў краўцом. Вярнуўся дамоў з вайны ў 1947 годзе. Мае шмат узнагарод.
Адна з найбольш актыўных чытачак бібліятэкі Данута Кухта прадаставіла інфармацыю пра свайго бацьку Браніслава Ігнатавіча Кухту. Ён нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Раёўка. На фронт пайшоў у 1942 годзе. Быў сувязістам. Ваяваў у Польшчы, Германіі. Пасля вайны працаваў брагадзірам паляводаў у калгасе “Савецкая Беларусь”. Таксама мае ўзнагароды.
Вельмі радасна, што і маладое пакаленне ведае пра гераічнае мінулае сваіх продкаў. Так, вучаніца Парплішчанскай школы Анжаліка Шырэй распавяла пра свайго прадзеда Іосіфа Мікалаевіча Шырэя, які нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Порплішча. Ён ваяваў у Польшчы, быў паранены пры фарсіраванні ракі Ніса. Лячыўся ў шпіталі горада Львова. Пасля лячэння зноў быў адпраўлены на фронт. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, медалём Жукава, юбілейнымі медалямі.
Усё, што бібліятэкары знаходзяць падчас пошукавай дзейнасці, сістэматызуецца і афармляецца ў альбомы. Падчас мерапрыемстваў з гэтай інфармацыяй знаёмяцца чытачы. У дадатак створана віртуальная выстава “Дарогай вайны ішлі мае землякі” на старонцы Парплішчанскай бібліятэкі ў сацсетцы УКантакце.