Для ликвидации последствий аварии на Чернобыльской АЭС из Докшицкого района были направлены специалисты санитарно-эпидемиологической станции
У дапамогу для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС з Докшыцкага раёна былі накіраваны спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. З дапамогай жэрабя вызначылі, каму ехаць. Тады ў камандзіроўку на Гомельшчыну адправіліся загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Уладзімір Літвінок, лабарант санітарна-хімічнай лабараторыі Таццяна Шылавіч, вадзіцель Станіслаў Квач і дэзынструктар Алена Гаўрыловіч.
З успамінаў Алены Гаўрыловіч:
– У жніўні 1986 года прыехалі ў Мінск, а ўжо адтуль на трох машынах нас размеркавалі ў Хойнікі, Брагін і Нароўлю. Мне з калегамі трэба было ездзіць па Хойніцкім раёне і адбіраць пробы прадуктаў, вады, у тым ліку з калодзежаў, а таксама глебы. Па рашэнні раённага штаба прадстаўнікі розных служб, навукова-даследчых інстытутаў праводзілі комплекснае вывучэнне заражанасці канкрэтных аб’ектаў. Напрыклад, выязджалі на ферму, замяралі ўзровень радыяцыі звонку і ўнутры жывёлагадоўчых памяшканняў. Лета было спякотным, пыл клубіўся на гравійных дарогах. Захоўваць меры перасцярогі ўдавалася не заўсёды. Выратоўваў толькі штодзённы душ.
Горад быў пустым, і ад гэтага станавілася страшна. Толькі медыкі і салдаты. Ваенныя мылі будынкі, асфальт ад радыяцыйнага пылу. Ды што з гэтага? Налятаў вецер і зноў прыносіў яго. Правяраючы мяса забітай жывёлы, высвятлялі, што ўзровень радыяцыі ў ім быў у некалькі разоў вышэйшы, чым у тых прадуктах, якія мы прывезлі з сабой.
Пра Чарнобыль Алене Уладзіміраўне сёння нагадваюць два медалі ўдзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі, а яшчэ праблемы са здароўем, якія прывезлі з зоны адчужэння ўсе ліквідатары.