Команда СШ № 2 г. Докшицы стала призером регионального слёта юных инспекторов дорожного движения

11 (2) с

Каманда СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч “Захавальнікі дарожных правілаў” сталі сярэбранымі прызёрамі рэгіянальнага злёту юных інспектараў дарожнага руху. У спаборніцтвах, якія адбыліся ў Лепелі, удзельнічала восем каманд з розных рэгіёнаў Віцебшчыны.

Юным знаўцам Правілаў дарожнага руху трэба было прайсці тэарэтычны іспыт на веданне ПДР, прадэманстраваць фігурнае кіраванне веласіпедам, уменне аказання першай медыцынскай дапамогі. Крэатыў, творчасць і артыстызм праявілі канкурсанты ў агітацыйна-мастацкім прадстаўленні і конкурсе насценгазет.

Найлепшых вынікаў докшыцкая каманда дасягнула ў конкурсах агітбрыгад і аказанні першай дапамогі, а ў цэлым “захавальнікі дарожных правілаў” заваявалі шэсць дыпломаў. Асабістыя ўзнагароды прывезлі з рэгіянальнага этапу Сцяпан Баравікоў і Яўгенія Свірко.

Дарэчы, у тройцы лідараў Сцяпан Баравікоў быў і на раённым злёце-конкурсе юных інспектараў дарожнага руху, на якім каманда СШ № 2 г. Докшыцы стала чэмпіёнам, што і абумовіла яе ўдзел у рэгіянальным туры.

Спонсарам раённага этапу выступіў філіял “Докшыцыводаканал”, дырэктар якога Андрэй Шнітко асабіста ўручыў каштоўныя падарункі юнакам і дзяўчатам.

Не абышлося без прыемных сюрпрызаў і ў Лепелі. Пераможцы конкурсу “Аказанне першай медыцынскай дапамогі” былі адзначаны арганізацыяй “Беларускі Чырвоны Крыж”. Яго прадстаўнік – інструктар Беларускага Чырвонага Крыжа Докшыцкага раёна Алеся Брыльянтава – была ў саставе журы. Салодкія пачастункі прадаставіў дакшычанам АДАІ Докшыцкага РАУС.

Напрыканцы месяца каманда “Захавальнікі дарожных правілаў” прадставіць наш раён на абласным этапе злёту. Пажадаем ім удачы!

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена СШ № 2 г. Докшыцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *