Удивительной красоты корзинки плетет из ротанга Елена Норович из Докшиц
Ах, гэтыя перадсвяточныя клопаты! Колькі радасці яны прыносяць, як светла на душы, як асабліва чыста і прыгожа ў доме, якія пахі пануюць у ім! І вось ужо кулічы спечаны, яйкі пафарбаваны – гатовы для асвячэння ў храме. Кожная гаспадыня стараецца яшчэ і памясціць велікодныя прысмакі ў прыгожы і зручны кошычак. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Алена Норавіч уласнаручна вырабляе карзінкі, якімі хочацца любавацца і як мага часцей выкарыстоўваць у дамашнім ужытку.
– Занялася гэтай справай нядаўна – у мінулым годзе, – распавядае Алена Пятроўна. – Зацікавілася ўбачаным у Інтэрнэце майстар-класам, падумала: а чаму б і не паспрабаваць? Традыцыйна такія карзінкі плятуцца з лазы, але з ратангу, падалося мне, цікавей. Ратанг – гэта сцябліны каламуса, або трапічнай пальмы, якія прайшлі спецыяльную ачыстку і сушку. Але натуральны ратанг, канешне, каштуе нятанна, таму ўсё большую папулярнасць набывае ратанг штучны, які мае шмат пераваг, такіх як даўгавечнасць, трываласць, універсальнасць, цэлы спектр колераў, зручнасць у доглядзе і прымальны кошт. На выраб сярэдняга па памеры кошычка ў мяне затрачваецца дзве – дзве з паловай гадзіны. Гэта я ўжо, што называецца, набіла руку, а напачатку часу траціла ўдвая больш. Для таго, каб карзінка была ўстойлівай і добра трымала форму, часта выкарыстоўваю аснову – пасудзіну з пластмасы. Практычна, таму што карзінку ў гэткім разе яшчэ і лёгка памыць.
Рэчы, якія вырабляе маладая майстрыха, універсальныя. Перад Вялікаднем карзінка аздабляецца кветкамі, стужкамі, рознымі святочнымі дэталямі. Знутры яе можна дэкарыраваць прыгожай тканінай – тут Алене ахвотна дапамагае калега Вольга Гражэўская. У іншыя ж часы з кошычкам можна і па дары лесу, і на рынак, і дома выкарыстоўваць для печыва, фруктаў, для якойсьці садовай кампазіцыі. Карацей, смяецца суразмоўца, карысны прадмет, як у таго Віні-Пуха гаршчэчак з-пад мёду.
Лена не толькі сама атрымлівае радасць ад любімага занятку, але і з задавальненнем дапамагае асвоіць яго азы наведвальнікам аддзялення. Пляценне карзінак – гэта толькі адна грань майстэрства маладой жанчыны. Яе букеты з цукерак таксама прыносяць радасць родным, сябрам, калегам. Падуладныя ўмелым Леніным рукам і складаныя торты, іншага роду выпечка. Думаецца, інакш і быць не можа: цеста – заўважана даўно – заўжды любіць і слухаецца жанчын з цёплымі ўсмешкамі, прыемнымі галасамі, плаўнасцю і грацыёзнасцю ў рухах, нейкай асаблівай пяшчотнасцю і жаноцкасцю, а Алена Норавіч падалася менавіта такой.
Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота аўтара.