Вместе создают красоту на своем подворье супруги Патрушевы из Докшиц

Вікторыя і Георгій Патрушавы: вясна прыйшла – час дзейнічаць!

Вікторыя і Георгій Патрушавы: вясна прыйшла – час дзейнічаць!

Ствараюць  прыгажосць разам. Гэта пра спадароў Патрушавых, жыхароў вуліцы Гайдара ў Докшыцах. Неразлучную сямейную пару на панадворку іх утульнага дома з таблічкай “Дом узорнага парадку” можна бачыць ад наступлення першага веснавога цяпла да прыходу халадоў. Ніводнай пядзі пустуючай зямлі не знайшлі на іх кампактным участку, і ў пустазелля там, без сумнення, няма ніводнага шанцу.

Вікторыя Вітольдаўна і Георгій Іванавіч, у мінулым тэлеграфіст РУЭС і электраманцёр РАУС, зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Задаволены тым, што вольны час, якога стала ў разы больш, можна няспешна выкарыстоўваць для любімых заняткаў.

– Не сядзець жа днямі ў тэлевізары ці Інтэрнэце, – кажа гаспадыня, – ды глядзець у серыялах, як прыгожа ў чыіхсьці дамах, – можна ж для душы ў сваім парадак наводзіць.
І яны па меры сіл ствараюць для сябе радасць сваімі ж рукамі. Агледзеліся: уся зямля на зіму любоўна перакапана рыдлёўкай, кветкі – а яны паўсюдна – чакаюць пад лапнікам свайго часу, толькі пралескі і крокусы, не зважаючы на зусім не красавіцкі холад, ужо радуюць цвіценнем. Да іх нясмела спрабуюць далучыцца прымулкі, а хутка, толькі прыгрэе сонца, увесь двор загарыцца яркімі колерамі першацветаў. Спадары Патрушавы ўжо, дзе толькі магчыма, рыхляць глебу, падграбаюць нешматлікае лісце, падмятаюць, выносяць на вуліцу прыхаваныя на зіму садовыя фігуркі.

За шыбінамі вокнаў – процьма зеляніны: гэта Вікторыя Вітольдаўна рыхтуе да летняй дыслакацыі ў надворныя вазы, скрынкі, падвясныя кашпо свае любімыя пеларгоніі. Георгій Іванавіч – самы шчыры памочнік і ў гэтай справе, нарабіў шмат тых ваз з шын. Усё навокал пабелена, размалявана – сочаць, каб нідзе не было аблупленай фарбы, пільна. Нават будка ў калматага маленькага Пірата, любімца навакольнай дзятвы, стылёвая, вішнёвага колеру з вішнёвым жа металапрофільным дахам. Паміж клумбаў і градак – ліхтарыкі на сонечных батарэях. “Гэта ж толькі пачатак”, – усміхаецца Георгій Іванавіч.

Самыя прыемныя ўражанні засталіся і ад сустрэчы з гаспадарамі – прыязнымі, гаваркімі, з выдатным пачуццём гумару людзьмі. Радуе тое, што ў сямейнай пары ёсць агульная справа, якая прыносіць задавальненне ім самім і прымушае прахожых суцішыць крок, каб палюбавацца вынікамі іх дружнай работы.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *