Лучший мастер леса республики работает в Витуничском лесничестве

photo_2025-04-15 с

Майстар лесу Вітуніцкага лясніцтва Бягомльскага лясгаса Кацярына Барздыка стала лепшым майстрам лесу рэспублікі (!) сярод маладых супрацоўнікаў галіны.

Шлях да такой найвышэйшай працоўнай адзнакі ў дзяўчыны склаў сем з паловай гадоў – менавіта столькі яна працуе ў Вітуніцкім лясніцтве, а ўсяго ў лясной гаспадарцы – амаль дзесяць.

Кацярына мясцовая, родам з Вітуніч. Маладая жанчына прызнаецца, што ніхто ў сям’і з лясной гаспадаркай звязаны не быў, а таму ў Барысаўскі каледж галіновых тэхналогій яна паступала не па наказе родных, а па ўласным выбары. Праўда, як і ўсе абітурыенты, не надта ўяўляла, што рамантыкі ў рабоце майстра мала, а вось сілы ды кемлівасць патрэбны заўжды. Сапраўды, графік у дзяўчыны напружаны, нават інтэрв’ю мы праводзілі па тэлефоне паміж загрузкамі тэхнікі на лясной дарозе, каб не адрываць Кацярыну Анатольеўну ад вытворчага працэсу.

Дарэчы, вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце наша гераіня атрымлівае ўжо мэтанакіравана. Кажа, што практычных навыкаў хапае, але і моцная тэарэтычная база не пашкодзіць. Галоўны ляснічы прадпрыемства Сяргей Класоўскі Кацярыну Барздыка характарызуе толькі са станоўчага боку. Яна добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, ініцыятыўная, кампетэнтная, неабыякавая да агульнай справы. Калі трэба працоўны дзень пачаць ці закончыць на некалькі гадзін раней, не лічыцца з часам. На сваім участку без малога ў дзве з паловай тысячы гектараў забяспечвае выкананне ўсіх відаў лесагаспадарчых работ. Дакладна сочыць за правільнасцю лесакарыстання, -узвядзення і -аднаўлення, добрасумленна вядзе сістэму ўліку драўніны. На яе ўчастку не дапушчана пажараў.

Пра такіх кажуць: чалавек на сваім месцы. А маладосць поспеху не тое што не перашкода, наадварот, у плюс ідзе.

Мовай лічбаў
Агульная плошча майстарскага ўчастка Кацярыны Барздыка складае 2443,2 га. Лесааднаўленне праведзена на 9,9 га. Прыжывальнасць культур трэцяга года складае 86,2 працэнта. Працэнт ад створаных лесасек 7-гадовага ўзросту – 96,3. Рубкі догляду маладняку праведзены на 43,5 га (усяго па лясгасе – 320 га). На 100 працэнтах запланаваных плошчаў у сярэднім за 5 гадоў праведзены асвятленне, прачыстка, прарэджванне і прахадная рубка. Незаконных рубак не дапушчана.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота з архіва “Бягомльскага лясгаса”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *