Мастер Докшицкого РЭС Виталий Левко признан лучшим по профессии

IMG_1145 с

Віталія Ляўко кіраўніцтва Раёна электрычных сетак характарызуе так: адказны, надзейны, дысцыплінаваны, ведае сваю справу і спраўляецца з усімі пастаўленымі задачамі. Нездарма сёлета яго імя прагучала на злёце перадавікоў народнай гаспадаркі: па выніках мінулага года Віталій быў прызнаны лепшым работнікам электраэнергетыкі.

Пасля заканчэння Маладзечанскага політэхнічнага каледжа малады чалавек уладкаваўся ў РЭС. Працу сумяшчаў з вучобай: завочна закончыў Беларускі дзяржаўны агратэхнічны ўніверсітэт.

– Ніколі не імкнуўся знайсці работу ў іншым горадзе, хацеў быць патрэбным на сваёй радзіме, – падзяліўся Віталій. – Задаволены, што працую ў такой прэстыжнай арганізацыі. Пачынаў сваю прафесійную дзейнасць электраманцёрам, а з 2020 года быў прызначаны майстрам. Асноўная наша задача – падтрымліваць тэхнічны стан электрычных сетак, а калі раптам здараюцца аварыі, то аператыўна і своечасова іх ліквідаваць.

У дружнай брыгадзе маладога майстра працуе пяць чалавек: Дзмітрый Мякінка, Сяргей Сініца з сынам Мікалаем, Аляксандр Шавель і Юрый Кіслоў. Усе прафесіяналы сваёй справы, запэўнівае Віталій, не лічацца з асабістым часам і бездакорна выконваюць усе задачы, што ім даручаць. Вось і пару гадоў таму, калі над Полацкам прайшоўся ўраган, брыгада выязджала на дапамогу калегам.

– Тады моцным ветрам паваліла шмат дрэў, пабіла апоры ліній электраперадачы, – прыгадвае Віталій. – З Докшыц на ліквідацыю наступстваў былі накіраваны тры брыгады энергетыкаў. Працавалі пазменна, кожная па тры дні. А летась пасля буралому накіраваліся ў Гомельскую вобласць. Такой стыхіі, якая адбылася там, не памятаюць нават старажылы. Упершыню з такімі разбурэннямі сутыкнулася і энергасістэма. Без электразабеспячэння аказалася больш за 1200 населеных пунктаў. У пацярпелых раёнах людзі засталіся не толькі без святла, але і без вады, мабільнай сувязі. Сіламі ўсіх службаў наступствы ўдалося пераадолець.

– Ад таго, наколькі якасна мы працуем, залежыць не толькі камфорт людзей, але і бесперабойная работа ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна, – гаворыць Віталій Ляўко. – Можна быць упэўненымі: мы не падвядзём.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *