Одиннадцатиклассница Александра Елисеенко из Докшиц вышла в суперфинал телевизионного проекта «Я знаю»
Другое месца ў фінале і выхад у суперфінал – такі вынік удзелу вучаніцы 11 класа СШ № 1 г. Докшыцы Аляксандры Елісеенка ў восьмым сезоне рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я знаю!”
Тэлепраграма з удзелам нашай разумніцы выйшла 5 красавіка. Дзяўчына крок за крокам упэўнена адказвала на прапанаваныя пытанні. Зразумела, дзесьці на правільнасць адказаў паўплывала хваляванне – не часта ж даводзіцца быць пад прыцэлам мноства тэлекамер, але ў цэлым Саша справілася дастойна.
Аляксандра – пераможца рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» ў рамках патрыятычнай акцыі «Цягнік Памяці», уладальніца дыплома І ступені рэспубліканскага прававога турніру «Сіла Закона», пераможца раённых прадметных алімпіяд і іншых конкурсаў, выдатніца і актывістка. У інтэрв’ю тэлевядучаму яна расказала пра самыя яркія моманты свайго школьнага жыцця, кім і чаму хоча стаць у будучым. У тэлездымках з Сашай таксама ўдзельнічала яе настаўніца Вольга Калбасіч, намеснік дырэктара школы.
– Спадабалася і сама гульня, і атмасфера, якая панавала на тэлевізійнай пляцоўцы, – расказала нам Аляксандра. – Пытанні былі нескладанымі – у асноўным са школьнай праграмы. Кожны з нас набыў і новыя веды, і новы жыццёвы вопыт. Вучням, якія мараць трапіць у праект, магу параіць пастаянна пашыраць свой кругагляд. Галоўнае – загарэцца жаданнем і ісці да сваёй мэты.
Дарэчы, тэлездымкі суперфіналу ўжо адбыліся. Па ўмовах конкурсу, да выхаду праграмы ўдзельнікам забараняецца паведамляць пра вынікі. Эфір запланаваны на канец мая.
Ніна КРУКОВІЧ.