Передвижной ФАП востребован у жителей Докшицкого района

IMG_0845

Фельчарска-акушэрскі пункт на колах Докшыцкая ЦРБ атрымала ў кастрычніку мінулага года. А ўжо праз месяц ён адправіўся на першы свой выезд. На цяперашні час машына аб’язджае вёскі раёна па другім крузе. На мінулым тыдні карэспандэнты “РВ” паназіралі за работай ФАПа ў агр. Таргуны.

Зручна

У Таргунах МАЗ-ФАП робіць два прыпынкі – на мехдвары мясцовага сельгаспрадпрыемства і ля дзіцячага сада. На першым меддапамогай карыстаюцца пераважна работнікі ААТ “Таргуны”, на другім – усе астатнія жыхары.

На лакацыях людна. Таргуноўцы праходзяць дыспансерызацыю, атрымоўваюць дапамогу памочніка ўрача, кансультуюцца, здаюць аналізы, жанчыны абследуюцца ў аглядавым кабінеце. З нядаўняга часу тут можна набыць і лякарствы, што спадручна – не трэба асобным разам ісці на ФАП ці ехаць у гарадскую аптэку.

У кузаве абсталяваны пакой чакання, але многія да сваёй чаргі застаюцца на вуліцы – надвор’е якраз дазваляе.

– Першы раз сюды прыйшла, – кажа карэнная жыхарка Марыя Суднік, якая зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. – Здам аналізы, прайду жаночы агляд – па звычцы раблю гэта абавязкова раз у год, як і рэкамендуюць урачы. Разам з тым у нас дзейнічае і стацыянарны ФАП, дзе працуе вопытная Лілія Новікава. Да яе можна звярнуцца па любым пытанні, звязаным з лячэннем.

Работніца дзіцячага сада Таццяна Саўчыц таксама наведалася ў перасоўны ФАП упершыню.

– Вельмі зручна абследавацца, калі ФАП літаральна пад’язджае пад парог, – разважае яна. – Нехта, можа, гадамі адкладвае візіт ва ўстанову аховы здароўя, каб праверыць аналізы, і прапускае раннюю стадыю захворвання. А тут добры шанец спрафілактаваць хваробу і быць упэўненым у сваім здароўі.
А для мяне і маіх калег набліжаецца час дыспансерызацыі, таму рады прайсці яе большую частку, не выязджаючы ў бальніцу.

IMG_0821

Паклон за дзяржаўны клопат

Тым часам у прыёмным і аглядавым кабінетах перасоўнага ФАПа рупіцца Карына Шульгат – памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе. Маладая, хуткая, да кожнага з усмешкай. Пацыенты расказваюць, што гатовы рукі цалаваць Карыне – за ўвагу, прыязнасць і прафесіяналізм. Менавіта яна ў тандэме з вадзіцелем Ігарам Варанёнкам калясіць па ўсім раёне кожны працоўны дзень. Вядзе прыём у машыне і наведвае пацыентаў на даму.

– Карына Антонаўна зарэкамендавала сябе не толькі як граматны спецыяліст, але і як чуллівы, жыццярадасны чалавек – водгукі пра яе выключна станоўчыя, – ахарактарызавала медработніка загадчык Докшыцкай паліклінікі Валянціна Вешторт.

Дзяўчына родам з Вілейскага раёна. Пасля заканчэння Маладзечанскага медкаледжа атрымала кваліфікацыю фельчара-акушэра, памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе і па размеркаванні тры гады адпрацоўвала ў сталічнай паліклініцы. Набыла вопыт работы памочніка ўрача і фельчара на “хуткай”. Пераехаўшы на радзіму мужа ў Докшыцы, уладкавалася загадчыкам Прудніцкага ФАПа, а пасля дэкрэтнага водпуску па доглядзе дзіцяці перайшла на перасоўны ФАП. Дачушцы Ніколь усяго годзік, з ёю дома знаходзіцца Карыніна матуля, якая таксама перабралася ў Докшыцы і пасялілася непадалёку ад дзяцей.

– Складана было толькі ў першыя тры-чатыры дні, пакуль уцягвалася ў новы кірунак работы, – успамінае Карына Антонаўна. – Цяпер жа ні кропелькі не шкадую аб такіх пераменах. Тым больш што атрымліваю трывалую падтрымку ад загадчыка паліклінікі Валянціны Вешторт і галоўнай медсястры бальніцы Святланы Малюжанец.
У дзень можам аб’ехаць шэсць вёсак, а ў такіх буйных населеных пунктах, як, напрыклад, Таргуны і Крыпулі, працуем па цэлым дні. Людзей ідзе шмат. Пры нагрузцы 15 чалавек у дзень звычайна прымаем па 20–25. Для поўнай дыспансерызацыі працуючым пры наведванні бальніцы застаецца “дабраць” не так ужо і многа. Такім чынам работа перасоўнага ФАПа змяншае нагрузку на ЦРБ пры правядзенні дыспансерызацыі. Таксама гэта вялікая падмога мясцовым установам аховы здароўя ў патранажы пацыентаў, якія пражываюць у аддаленых вёсках раёна. Не ўяўляеце сабе, у якім захапленні яны ад нашага прыезду! Ледзь не ў ногі кланяюцца за такі дзяржаўны клопат.

IMG_0853

Паскораны тэмп дыспасерызацыі

У зоне абслугоўвання Таргуноўскага ФАПа – агр. Таргуны і в. Вецяра, дзе пражываюць 670 чалавек. У тым ліку 126 дзяцей, з іх сем – да года. На ФАП штомесяц прызджае ўрач агульнай практыкі Таццяна Глазко.

– З кожным годам якасць і даступнасць аказання медыцынскай дапамогі ў нашай краіне паляпшаецца, – зазначае Лілія Новікава, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, загадчык Таргуноўскага ФАПа. – Пацыенты адчуваюць гэта і выказваюць вялікую ўдзячнасць. У прыватнасці, таргуноўцы задаволены работай перасоўнага ФАПа, які дапамагае паскорыць працэс дыспасерызацыі. Машына аснашчана ўсімі неабходнымі медыцынскімі прыборамі. А памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Карына Шульгат з’яўляецца сапраўдным майстрам сваёй справы.

З пачатку года за 60 рабочых дзён медработнік перасоўнага ФАПа агледзеў 1076 чалавек, 173 з якіх – на даму. За гэты час зроблена 805 электракардыяграм і 168 цыталагічных мазкоў, праведзена 676 забораў крыві для аналізаў.

IMG_0837

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *