Праздник по случаю церемонии «Юный БООРовец» прошел в агроэкоусадьбе «Марговица»
Свята было падрыхтавана пры ўдзеле выканаўчага апарата РДГА “БТПР”, жаночага паляўнічага клуба “Ласка”, Докшыцкай міжраённай структуры “БТПР” і сядзібы “Маргавіца”.
Пастраляць з пнеўматыкі і лука, выпусціць кілаграмовага карпа ў вадаём, паспрабаваць дакладна закідваць прынаду пры дапамозе вудзілішча, распазнаць сляды і постаці звяроў і птушак, узабрацца на стацыянарную вышку, каб паглядзець у прыцэл сапраўднага карабіна, а яшчэ патанцаваць з белым мядзведзем, пачаставацца наварыстымі кашай і юшкай з кацялка і салодкасцямі на прыродзе…
Даведка “РВ”. Юныя паляўнічыя і рыбаловы, або “Юныя БТПРаўцы”, – гэта неад’емная частка членаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, якіх у цяперашні час налічваецца звыш 1200 чалавек. Нагадаем, што 13 лютага 2023 года быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі № 35, якім дапускаецца ўступленне ў рады БТПР грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, з васьмігадовага ўзросту пры ўмове пацвярджэння гэтага іх бацькамі і законнымі прадстаўнікамі.
Дзіцячы дзень мары – скажаце вы і будзеце мець рацыю. Менавіта такі дзень мары арганізавала РГГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” у мінулыя выхадныя на тэрыторыі аграэкасядзібнага комплексу “Маргавіца” для дзяцей, якія вырашылі стаць членамі таварыства і ўступіць у арганізацыю. Да некалькіх дзясяткаў дзяцей і падлеткаў, якія прыехалі з бацькамі на цырымонію з усёй рэспублікі, далучыліся і восем жыхароў нашага раёна.
Дарога да ціра аргасядзібнага комплексу была абапал абстаўлена аўтамабілямі, а сама яго тэрыторыя нагадвала вясёлы мурашнік: пакуль у ціры падлеткі спаборнічалі ў стральбе, меншыя дзеці імкілва перамяшчаліся ад лакацыі да лакацыі. Адказаўшы на пытанні віктарыны, з прызамі ў руках, яны тоўпіліся ў чарзе, каб паглядзець у біноклі і іншыя віды аптычнага абсталявання, выставу якога прадставіла прадпрыемства “Аркон Оптыкс” – эксклюзіўны дыстрыб’ютар прадукцыі брэнда ARKON у Беларусі. А як іскрыліся дзіцячыя вочкі, калі ў руках аказваўся кілаграмовы карп, якога трэба было выпусціць у ваду, з якой цікавасцю яны слухалі вопытных егераў і паляўнічых каля агляднай вышкі…
Час праляцеў незаўважна. І вось – кульмінацыя дня – падвядзенне вынікаў спаборніцтваў. Тройкі лідараў у розных узроставых групах вызначаны. Медалі, дыпломы, падарункі. Дарэчы, пра апошнія. Прыз за першыя месцы шыкоўны – пнеўматычныя вінтоўкі ад паляўнічага клуба “Сафары”.
Як адзначыў падчас падвядзення вынікаў святочнага дня старшыня рэспубліканскага аб’яднання “БТПР” Ігар Шуневіч, мерапрыемства гэта ў першую чаргу было арганізавана для дзяцей, прайшло на дастойным узроўні і было накіравана на тое, каб далучыць падрастаючае пакаленне да традыцый паляўнічых і рыбаловаў рэспублікі, а таксама пасадзейнічаць актыўнаму сямейнаму адпачынку.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара
і з архіва арганізатараў.