Ряды Почетных доноров Республики Беларусь в Докшицком районе пополнились
На днях адпаведныя нагрудныя знакі адрознення Міністэрства аховы здароўя атрымалі намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Наталля Галоўчыц і загадчык інтэнданцкай гаспадаркі раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Гоман. З гэтай нагоды калегі шчыра павіншавалі іх ва ўрачыстых абставінах.
Нагрудны знак уручаецца грамадзянам, якім праведзена не менш за 40 данацый крыві ці не менш за 80 данацый кампанентаў крыві.
Наталля Галоўчыц стала донарам, працуючы ўрачом акушэрам-гінеколагам. Далучылася да ганаровага руху, бачачы, наколькі шмат пераліванняў крыві робіцца толькі ў Докшыцкай бальніцы і якую вялікую патрэбу маюць у гэтым людзі. З той пары ўрач на працягу больш за дванаццаць гадоў – пастаянны кроваздатчык.
– Спецыялісты ў галіне медыцыны мяркуюць, што рэгулярная кроваздача спрыяе амаладжэнню ўсяго арганізма, паляпшэнню абменных працэсаў у органах і тканках, – гаворыць Наталля Аляксандраўна. – Да ўсяго донар нават інтуітыўна кантралюе стан свайго здароўя, пазбаўляецца ад шкодных звычак, калі яны ёсць. А адчуванне таго, што ты дапамог камусьці выздаравець, матывуе на новыя кроваздачы.
Аляксандр Гоман прыйшоў у донарства з дзясятак гадоў таму па прыкладзе калег і ні разу не засумняваўся ў правільнасці свайго выбару. Выдатна адчувае сябе пасля кроваздачы і ўпэўнены ў яе дабратворным уплыве на арганізм.
– Але галоўнае, што рухае мною, як і пераважнай колькасцю іншых донараў, – гэта эмацыянальнае ўзнагароджанне за міласэрнасць. Наша кроў – гэта моц хворых.
У раёне 85 актыўных донараў крыві. Працэдуры забору крыві ў Докшыцах ажыццяўляе Віцебскі абласны цэнтр трансфузіялогіі тры-чатыры разы ў год.
Бліжэйшы дзень донара ў нашым горадзе – 1 ліпеня. Адміністрацыя ЦРБ запрашае жадаючых прыняць удзел у дабрачыннай справе. Першасныя донары павінны прайсці медкамісію да 15 чэрвеня.
Ніна КРУКОВІЧ.