В многодетной семье Тягуновичей из агрогородка Ситцы царят любовь, согласие и взаимопонимание
Няма на зямлі мацнейшага саюза, чым дружная сям’я. Гэта і пачатак новага жыцця, і прадаўжэнне роду, і шанаванне векавых непарушных традыцый. Сям’я – найвышэйшае шчасце, якое чалавек можа стварыць сам. А яшчэ, перакананы сужэнцы Цягуновічы з аграгарадка Сітцы, сям’я – гэта адна на ўсіх любоў, апора ў цяжкія часы, крэпасць, за сценамі якой цёпла душы, утульна і спакойна.
– Мне здаецца, у сям’і найперш важна, каб кожны змог развівацца як асоба і мець у гэтым падтрымку ўсіх родных, – фармулюе сваё разуменне моцнай ячэйкі грамадства Таццяна Аляксандраўна, педагог Сітцаўскай сярэдняй школы. – Нашы з Юрыем дачушкі – другакурсніца Маладзечанскага медыцынскага каледжа Насця і васьмікласніца Ліза – чым толькі не захапляюцца: абедзве добра малююць і спяваюць, Насця іграе на акардэоне, Ліза з натхненнем займаецца бісерапляценнем і алмазнай мазаікай. Агульнае іх хобі з татам – рыбалка, са мной – вырошчванне кветак. У цэлым кола інтарэсаў дзяўчатак шырокае, актыўнасць на высокім узроўні, што мы з мужам толькі заахвочваем. Насця зараз актывістка ўжо ў каледжы, а Ліза ў школе не прапускае, бадай, ніводнага конкурсу ці мерапрыемства, каб не прыняць удзел, не паспрабаваць свае сілы і веды.
Чацвёртакласнік Арсеній, наш малодшы мужычок у сям’і, цікавіцца таксама многім, але мае, як сказаў паэт, “одну, но пламенную страсть” – да тэхнікі, прытым, мусіць, з таго часу, як пайшоў хадзіць. Да таты ў кабіну (Юрый Іванавіч – механізатар сялянска-фермерскай гаспадаркі “АграСяло” – Аўт.) – для яго шчасце. А на сваім агародзе можа адолець любы фронт работ, і з якім яшчэ задавальненнем! На экскурсію на мехдвор нашай гаспадаркі “АграСітцы” неяк хадзілі класам, дык Арсеній там быў гідам: пра ўсе трактары, машыны, агрэгаты можа расказаць. Марыць быць механізатарам – падтрымліваем. Што яшчэ? Усе разам любім падарожнічаць па нашай Беларусі, шмат дзе пабывалі, аднак з-за мужавай загружанасці і ўлетку, і ў выхадныя дні разам з ім выбірацца ў паездкі даводзіцца радзей.
– Я сам вырас у шматдзетнай сям’і, рана застаўся без таты, – падключаецца да размовы Юрый Іванавіч, ураджэнец Рапяхоў. – Вучыцца, па праўдзе, хацеў, але трэба было хутчэй, што называецца, ісці на свой хлеб, каб маме было лягчэй. У любым выпадку звязаў бы сваё жыццё з тэхнікай. І працу на зямлі таксама люблю, што перадалося сыну. Цаню ў ім гаспадарлівасць: мужчына павінен умець многае рабіць рукамі. Увогуле ўсіх дзяцей з малых гадоў прывучаем да працы, каб не выраслі інфантыльнымі, няздольнымі да самастойнага жыцця. Больш клопатаў у гэтым плане, канешне, на Таніных плячах – вялікі ёй за гэта дзякуй. Імкнуся і сам не існаваць у якасці толькі таты-свята, хаця, – смяецца, – патрабавальнасці і строгасці ўва мне менш. Стараюся проста быць прыкладам…
Таццяна Аляксандраўна, біёлаг па спецыяльнасці, у роднай школе, якая, адзначае, яе равесніца, працуе ўжо больш за два дзясяткі гадоў – адзін запіс у працоўнай кніжцы, павага і самыя добрыя водгукі ад калег і кіраўніцтва. Адказная за ўсе кветкі, якіх ва ўстанове мора. На гэту тэму можа гаварыць гадзінамі і з агеньчыкам у вачах. “Вось сёлета катарантус завялі, – радуецца. – Прыгожы, як петунія, і больш трывалы да непагадзі”. Дома, распавядае, якіх толькі кветак няма, а асаблівая любоў – гладыёлусы. Юрый Іванавіч таксама любіць займацца агародамі і дапамагчы па-мужчынску ў кветніках: апоры зрабіць, падстаўкі і іншае. Як ён працуе на зямлі, даводзілася бачыць раней: вачэй не адарваць ад акуратных палеткаў, дзе якасць ворыва, падрыхтоўкі глебы, сяўбы на самым высокім узроўні, – за гэта яго дужа цэніць кіраўнік СФГ Анатоль Канашыц.
На пытанне, хто галава сям’і, сужэнцы паціскаюць плячыма. Смяюцца: галоўнакамандуючага няма – усё робіцца і вырашаецца разам. Прынамсі, так і павінна быць там, дзе ёсць каханне, згода, павага і моцнае пачуццё еднасці.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.