В ОАО “Бегомльское” завершают сев яровых культур

Яравую пшаніцу сеюць механізатары Антон Глінскі, які працуе на К-741, і Андрэй Ганус – на МТЗ-3522, угнаенні на МТЗ-1221 з РДУ ўносіць Дзмітрый Дударонак (на здымку злева направа)

Яравую пшаніцу сеюць механізатары Антон Глінскі, які працуе на К-741, і Андрэй Ганус – на МТЗ-3522, угнаенні на МТЗ-1221 з РДУ ўносіць Дзмітрый Дударонак (на здымку злева направа)

Нягледзячы на неспрыяльнае літаральна на працягу тыдня надвор’е, працаўнікі ААТ “Бягомльскае” не толькі пераадолелі “экватар” сяўбы яравых культур, але і ўпэўнена рухаюцца да заканчэння работ.

Аб ходзе веснавой пасяўной кампаніі ў гаспадарцы пагутарылі з галоўным аграномам Вадзімам Савіцкім.

– Надвор’е, канешне, уносіць свае карэктывы, але ў сельскай гаспадарцы сталася б дзіўным, каб было інакш, і мы заўжды гатовы да рознага роду прыродных нюансаў, – зазначае Вадзім Вітальевіч. – Хвалявання з-за таго, што не паспеем правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны, няма. На ўсіх пасяўных плошчах у нас унесена арганіка. У самым пачатку сакавіка пачалі падкормку азімых культур, а гэта 850 гектараў азімага рапсу і 1685 – збожжавых. За два тыдні ў размераным тэмпе работу завяршылі. Трыццатага сакавіка прыступілі да сяўбы яравой пшаніцы. На сённяшні дзень яе пасеяна 435 гектараў – больш за 60 працэнтаў ад запланаванага.

Гарох, гаворыць суразмоўца, сёлета ў “Бягомльскім” не сеялі. Паспявае ён практычна ў адзін час з азімым рапсам, і з дапамогай аднаго зернесушыльнага комплексу правесці якаснае дасушванне такога аб’ёму насення немагчыма. На сённяшні дзень галоўнага агранома хвалюе, у якой ступені негатыўна адаб’юцца красавіцкія марозы гэтага тыдня на пасевах азімага рапсу і ячменю. А вось яравыя культуры, упэўнены, атрымаецца пасеяць, актывізаваўшы работу пасля пацяплення, да 20 красавіка. А там ужо можна распачынаць апрацоўку рапсу ад шкоднікаў.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Навіцкі паведаміў, што падрыхтоўка тэхнікі да ўсіх этапаў сельскагаспадарчага цыклу работ праводзіцца з апераджэннем. Так, да пасяўной кампаніі трактары і агрэгаты былі гатовы яшчэ да новага года, а зараз на лінейцы гатоўнасці ўся кормаўборачная тэхніка. На мехдвары гаспадаркі пануюць чысціня і парадак. Карацей, усё згодна з тэхналогіямі, усё па плане.

У цэлым у раёне па стане на раніцу 11 красавіка яравых збожжавых і зернебабовых культур пасеяна на плошчы 3065 гектараў, што складае 56,7 працэнта ад плана. ААТ “Бягомльскае” па тэмпах замыкае тройку лідараў. На першым месцы ААТ “Барсучанка” – 79 працэнтаў плошчаў, на другім – ААТ “Таргуны” (71,9 працэнта). Апошняе сельгаспрадпрыемства пасеяла яшчэ 211 гектараў яравога рапсу пры плане 103. Да сяўбы гэтай культуры плануюць прыступіць і ў ДП “Гняздзілава-Агра”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *