Воспоминания ветерана Великой Отечественной войны Валентина Якушевского из Докшицкого района

2016 год. Валянцін Якушэўскі пасля імпрэзы, падрыхтаванай Бягомльскай школай-інтэрнатам з нагоды 90-годдзя ветэрана.

2016 год. Валянцін Якушэўскі пасля імпрэзы, падрыхтаванай Бягомльскай школай-інтэрнатам з нагоды 90-годдзя ветэрана.

Банер Нашчадкі сайт

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Для нашых сучаснікаў галасы сведак Вялікай Айчыннай вайны гучаць усё радзей ужывую і ўсё часцей з матэрыялаў, беражліва захаваных у музеях, а таксама ўласных архівах энтузіястаў, для якіх памяць – не пусты гук. Сярод іх – былы супрацоўнік нашага знакамітага музея, чалавек глыбокадасведчаны і неабыякавы, шчыра ўлюблёны ў свой край і землякоў – жыхарка Бягомля Ала Каралевіч. Менавіта Ала Уладзіміраўна падзялілася рэдкімі запісамі ўспамінаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Якушэўскага пра ваенныя часы, пасляваеннае аднаўленне краю і проста цікавыя выпадкі з жыцця Валянціна Іванавіча.

Запісы гэтыя Ала Уладзіміраўна акуратна і дакладна занатоўвала не адзін год падчас шматгадзінных размоў з гэтым унікальным чалавекам, франтавіком, настаўнікам, грамадскім дзеячам, дэпутатам. Валянцін Іванавіч быў шчырым, справядлівым, нецярплівым да любога праяўлення нахабства. Ён не адмаўляў людзям, якія звярталіся з бядой ці па параду, бязмерна любіў і цаніў сваю сям’ю, ніколі не гнаўся за вялікім рублём, любіў прыроду, слыў апантаным рыбаком… Можна яшчэ доўга працягваць спіс, але ёсць адно ёмістае слова: Валянцін Якушэўскі – Асоба.

Забягаючы наперад, скажам, што ўсёй рэдакцыяй мы зачытваліся запісамі Алы Уладзіміраўны пра сённяшняга героя. І калі, паважаныя чытачы, публікацыя будзе мець водгук, абяцаем падрыхтаваць цыкл матэрыялаў з успамінаў нашага земляка. А пакуль першы блок, і прысвечаны ён падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Даведка “РВ” 
Валянцін Іванавіч Якушэўскі (1926 – 2021) працаваў дырэктарам Асаўской школы, загадчыкам Бягомльскага райана, намеснікам старшыні райвыканкама. Аднак найбольш значны перыяд яго жыцця звязаны з Бягомльскай школай-інтэрнатам, якую ўзначаліў у 1960-м і кіраваў ёй 26 гадоў. Пасля выхаду на пенсію Валянцін Якушэўскі не развітаўся з настаўніцкай дзейнасцю – яшчэ сем гадоў выкладаў гісторыю. Прафесійна, годна, высакародна нёс місію настаўніка ўсё жыццё. Узнагароджаны знакамі “Выдатнік народнай асветы”, “Выдатнік асветы СССР”. Як сведкі таго гераічнага мінулага – ордэн Айчыннай вайны І cтупені, медалі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”

Шлях у партызаны: “Хлопцы, бярыце яго да сябе, у зямлянку”

Нарадзіўся Валянцін Якушэўскі 28 студзеня 1926 года ў вёсцы Ржаная Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Перад вайной зносілі хутары, і невялікая вёска з дзевяці двароў патрапіла ў гэту хвалю, а сям’я пераехала ў вёску Глінне гэтага ж раёна. Паспелі скласці зруб, пакрыць дах, уставіць вокны… і пачалася вайна. Бацька з братам пайшлі на фронт, таму Валя з маці дабудоўвалі дом і клалі печ ужо самастойна.

У 1941 годзе ў раёне ракі Рамяставянка ішоў бой. Гітлераўцы хацелі акружыць нашых салдат. Многія загінулі. У рэчцы аказалася шмат зброі. У Валі быў сябар Віцька, з якім разам плавалі і ныралі. Непадалёк ад берага Віцька знайшоў вінтоўкі. Дасталі сем і карабін. Цэлы месяц чысцілі, змазвалі іх, затым схавалі ў лесе. Да гэтага часу ў лясах з’явіліся першыя атрады партызан. Дом Якушэўскіх стаяў на ўскрайку вёскі – да лесу метраў пяцьсот. Часта да іх заходзілі партызаны, каб папарыцца ў лазні. Валя ведаў іх. У адзін з такіх наведванняў падлетак падышоў да камандзіра і сказаў: “Час і нас ужо ўзяць у партызаны”. І паказаў, што ідуць яны з сябрам не з пустымі рукамі, а, як сапраўдныя мужчыны, здабылі сабе вінтоўкі. На што камандзір адрэзаў: “Калі споўніцца 18 гадоў, возьмем”, – і забраў вінтоўкі. Пра карабін Валя нічога не сказаў, пакінуў яго сабе, каб выканаць абяцанне – забіць старасту вёскі Панаса.

У першыя дні вайны брат Валі Косця патрапіў у палон і знаходзіўся ў канцэтрацыйным лагеры ва Украіне. Ён быў такі слабы, што фашысты аддалі яго жанчыне за залаты пярсцёнак: маўляў, усё роўна памрэ. Калі хлопца выхадзілі, ён ляснымі сцежкамі вярнуўся дадому і ўступіў у падпольную арганізацыю з акружэнцаў і мясцовых жыхароў.

Напярэдадні аперацыі “Баграціён” у раён з-за лініі фронту прыбыла дыверсійная група – 13 чалавек. Яны аб’ядналіся з мясцовай групай, у складзе якой быў і брат Валі, але дзейнічалі нядоўга. Стараста Панас выдаў іх гітлераўцам. У групу арыштаваных патрапіў і Канстанцін. Усіх расстралялі ў Мсціслаўлі… Хлопцы далі клятву адпомсціць старасту.

Ды толькі Панас даведаўся, што ў Валі ёсць карабін, і далажыў немцам. Вяртаючыся з начнога, каля хаты Валянцін убачыў “чорны воран” – гэту машыну ведалі ўсе. На ёй прыязджалі фашысты арыштоўваць людзей. Валя зрэагаваў імгненна. Кінуў павады, саскочыў з каня і сігануў у жыта, якое расло побач. Фашысты заўважылі гэта і далі кулямётную чаргу. Выратавала тое, што падлетак не бег, а поўз. Машына прастаяла каля гадзіны і паехала. Валя зразумеў, што дадому вяртацца нельга. Ноччу прыйшоў да маці, якая падрыхтавала для сына мяшэчак з ежай. З гэтым мяшэчкам і карабінам юнак накіраваўся да партызанаў.

Хлопца спыніў часавы і адвёў да камандзіра разведкі. “Я ад вас не сыду”, – заявіў Валя. – Мяне ці расстраляюць, ці згоняць у Германію”. “Чакай”, – сказаў камандзір. Кудысьці далажыў і, вярнуўшыся, дазволіў: “Будзеш жыць у нас. Хлопцы, бярыце яго да сябе, у зямлянку”.

Першае заданне

Першым баявым заданнем было папярэдзіць шамаўскіх яўрэяў, што іх збіраюцца знішчаць: сабяруць з каштоўнымі рэчамі ў адным месцы і некуды павязуць. Валя прыйшоў да іх равіна. Той сядзеў, чытаў Талмуд і не звяртаў увагі. Жонка равіна ўбачыла юнага партызана, які і расказаў, што трэба схавацца, назваў месца стаянкі партызанскага лагера за тры кіламетры ад вёскі Глінне. Выйшла дачка і разам з маці пачала галасіць. Равін павінен быў папярэдзіць усіх яўрэяў, але першымі аказаліся немцы, за імі паліцаі. Людзей абрабавалі і расстралялі ў рве за Шамавам.

Аднойчы камандзір сказаў: “Трэба ў цябе забраць карабін для разведчыкаў. З вінтоўкамі на кані нязручна. Табе дадуць абрэз”. Камандзірскі загад трэба выконваць. Так у Валянціна з’явіўся свой абрэз.

Юнак разам з атрадам удзельнічаў у засадзе на дарозе, па якой фашысты везлі нарабаванае мяса. Міны не ставілі. Валя зрабіў выстрал-сігнал у паветра і лёг на зямлю. Усіх фашыстаў тады партызаны знішчылі. На наступны дзень над партызанскай базай з’явіўся нямецкі самалёт. Па камандзе стралялі па ім з усіх відаў зброі і збілі. Лётчыка ўзялі ў палон, але той паспеў перадаць даныя пра месцазнаходжанне партызан. На світанку пачаўся мінамётны абстрэл. Партызаны па камандзе рушылі на запасную базу, і ў выніку ўсе засталіся жывыя.

Чакай 18-і…

– Лета 1944 года. Нашы войскі занялі Оршу. Бліжэйшая станцыя – Цёмны Лес, – працягваў свой аповед ветэран Якушэўскі. – Там быў хуткаплынны бой, і фашысты далі драпака на захад.

Увесь атрад раззброілі. Валянцін абрэз схаваў. Клятва ж яшчэ не выканана. Ваенкамат у Мсціслаўлі займаўся сартыроўкай. Пяць юнакоў разам з ім літаральна стапталі яго парог, прасіліся, каб іх пакінулі, але ваенкам быў няўмольны: “Калі споўніцца 18 гадоў, павестку ў зубы – і на фронт”.

Дадому вярталіся пешшу. Ішлі з думкай: “Хоць Панасу адпомсцім”. А помсціць ужо не было каму. Панас сядзеў у турме, яму далі восем гадоў, але праз шэсць вярнуўся ў вёску, дзе жыў горш, чым за кратамі. У доме хаваўся, пад падлогай у яме. На вуліцу днём не выходзіў, толькі ноччу. Хутка памёр. На пахаванне ніхто не прыйшоў, а потым уся яго сям’я выехала.

Радыст і Перамога

Як толькі Валянціну споўнілася 18 гадоў, прыйшла павестка. За плячыма ў маладога чалавека было 8 даваенных класаў сярэдняй школы, і яго адправілі вывучаць радыёстанцыю, азбуку Морзэ. Затым накіравалі ў артылерыйскі полк 27-й дывізіі РВГК. Чырвонаармеец Якушэўскі забяспечваў сувязь камандзіра палка з падраздзяленнямі. Гэта дывізія ўдзельнічала ў ліквідацыі так званай Курляндскай групіроўкі дзевяці нямецкіх дывізій, якія знаходзіліся ў коле акружэння. У кожнай дывізіі – пад тысячу чалавек. Трэба было не даць фашыстам прарваць кола і злучыцца са сваімі.

У ходзе аперацыі Валянцін быў паранены. Разам з напарнікам, моцным сібіраком, партызанам Заўражыным яны выкапалі зямлянку і паставілі сваю радыёстанцыю. Пачаўся бой. Побач узарвалася міна і пашкодзіла станцыю. Далажылі камандзіру і атрымалі загад вяртацца на базу па рацыю. Ісці трэба было 15 кіламетраў і да раніцы вярнуцца ў размяшчэнне палка – паесці часу не было. Гэта потым і выратавала. Раніцай пачаўся бой. Валя атрымаў асколачнае раненне ў жывот. У ваенна-палявым шпіталі, ужо пасля аперацыі, урач сказаў: “Цябе выратавала тое, што быў галодны. Інакш не выцягнулі б, а так у кашулі нарадзіўся”. Гэта быў сакавік 1945 года. Але рана дрэнна зажывала, і Валянцін Якушэўскі яшчэ быў у шпіталі, калі аб’явілі пра заканчэнне вайны, пра Перамогу.

Ад лейтэнанта да маёра

З арміі Валянціна камісавалі па раненні і перанесеных сухотах. Ён паступіў у БДУ і вельмі шмат аддаваў часу спорту: бокс, самба, цяжкая атлетыка. Ва ўніверсітэце спартыўнай падрыхтоўкай са студэнтамі займаўся заслужаны майстар спорту па цяжкай атлетыцы Навум Лапідус. Ён быў у званні палкоўніка. Выклікаў раз да сябе Якушэўскага і кажа: “Паслухай. Здымі з сябе раненне, сухоты, скажы, што ты годны да ваеннай службы. Мне патрэбна твая дапамога. Ты франтавік і можаш дапамагчы мне праводзіць заняткі. Ваенных людзей не хапае”. Валянцін паслухаў яго, звярнуўся ў ваенкамат, прайшоў медкамісію, дзе быў прызнаны годным да службы, і ўсю далейшую вучобу дапамагаў трэнеру. Закончыў універсітэт з прысваеннем звання лейтэнанта. Калі пачаў працаваць, падчас кожнага водпуску прызываўся на ваенныя зборы – так паступова даслужыўся да звання маёра. Франтавікі запрашалі працаваць у ваенную часць у Паставы, але лёс склаўся так, што ён стаў першым дырэктарам Бягомльскай школы-інтэрната.

Быў такі выпадак…

Ала Каралевіч успамінае: калі падчас чарговай сустрэчы Валянцін Якушэўскі хацеў штосьці расказаць, ён любіў пачынаць выраз: “Быў такі выпадак”. Вось і свой аповед пра “зязюлю” пачаў са звыклага:
“Прачытаў кнігу пра фінскую вайну, многіх пагубілі іх “зязюлі” – стралкі, замаскіраваныя на дрэвах. У нас на фронце быў такі выпадак. Калі мы сціскалі кола акружэння немцаў, тэрыторыя павялічвалася, і ўзводаўпраўленню трэба было пераязджаць у іншае месца. У нас была крытая машына з дзвюма лаўкамі, аднак адна з іх зламалася, і ўсе ўселіся на другую, прымацаваную збоку. Едзем, на яміне машыну падкідвае, і другая лаўка ламаецца пад намі. Усе аказаліся на падлозе. Едзем далей. Вакол лес, высачэнныя сосны, і раптам… аўтаматная чарга. Стралок думаў, што мы сядзім на лаўцы і ўдзяў вышэй, а мы ж на падлозе. Толькі вадзіцеля параніла. Машына спынілася. Мы выскачылі, а старшы лейтэнант Куркоў, камандзір нашай групы, кажа: “Глядзіце “зязюлю”, дзе густы лапнік, і лупіце туды чэргамі”. “Зязюлю” мы збілі. Вось каб не гэта лаўка, загінула б шмат салдат”.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *