К весенне-полевым работам готовят технику в ОАО «Докшицкий райагросервис»

ЕН 057 с

Вясна на падыходзе, і ў работнікаў сельгаспрадпрыемстваў хутка распачнецца новы віток напружанай працы ў палях. Упэўненыя ў тым, што аграрыі Докшыччыны поўным ходам рыхтуюцца да вясенне-палявых работ, зазірнулі ў механічную майстэрню ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. 

Сапраўды: работа там проста кіпела. Залюбаваліся адладжанымі, спрактыкаванымі рухамі слесара Максіма Барысевіча (на здымку), які займаўся рамонтам пасяўнога агрэгата. Максім працуе ў гаспадарцы дванаццаць гадоў. Слесар ад бога, залатыя рукі, універсал – такія яго характарыстыкі давялося пачуць. Падумалася, што тое ж можна сказаць пра вельмі многіх працаўнікоў гэтай гаспадаркі – вялікіх прафесіяналаў, адданых сваёй справе.

“Да планавага тэхнічнага агляду, які распачнецца ў гаспадарках у першай палове сакавіка, думаю, будзем гатовы ў тэрмін”, – адзначыў загадчык майстэрні Арцём Грыгаровіч.

Зразумела, больш эфектыўна рамонтныя работы вядуцца ў тых сельгасарганізацыях, дзе абнаўляецца машынна-трактарны парк, дзе зладжана і граматна працуе інжынерная служба, маюцца неабходныя грашовыя сродкі на закупку запчастак, а таксама дзейнічаюць укамплектаваныя брыгады рамонтнікаў – слесары, токары, кавалі, зваршчыкі. Райаграсэрвіс у гэтым плане на сённяшні дзень не лідар, але і да ліку адстаючых гаспадарку ніякім чынам нельга аднесці.

– Дыскатары ў нас усе на лінейцы гатоўнасці, а таксама адзін з трох пасяўных агрэгатаў, – распавёў далей Арцём Юр’евіч. – Яшчэ адзін пасяўны агрэгат зараз знаходзіцца ў стадыі рамонту. Каб распачаць рамонт трэцяга, з дня на дзень чакаем паступлення неабходных запчастак. Гэтак жа справа абстаіць і з адным з культыватараў. Літаральна два тыдні таму набылі новы шыроказахопны культыватар АКШ-7,2. Сабралі – да пасяўной кампаніі гатовы.

Гатовы ў аграсэрвісе да работы і ўсе дзевяцікорпусныя плугі – хоць сёння выязджай з імі ў поле, завярае загадчык майстэрні. Энерганасычаныя трактары, а іх у гаспадарцы шэсць, сур’ёзнага рамонту не патрабуюць. Толькі ў адным плануецца зняць размеркавальнік і падладзіць яго з дапамогай завадчан. Заказы на ўсе патрэбныя запчасткі зроблены, і яны працягваюць штотыдзень паступаць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *