Вернуться из Афганистана уроженцу Докшицкого района Александру Коростику помогла молитва

IMG_5976 с

Афганская вайна, якая доўжылася амаль дзесяць гадоў, стала ўжо гісторыяй. У кожнага з салдат, хто трапіў на чужую зямлю, яна свая. На жаль, час не лечыць: не зажываюць душэўныя раны воінаў-інтэрнацыяналістаў, якім давялося перажыць трагічныя моманты. І разам з тым па сённяшні дзень жывуць баявое братэрства, сапраўднае мужчынскае сяброўства і ўспаміны…

Нашаму земляку Аляксандру Каросціку, ураджэнцу вёскі Мураўшчына Параф’янаўскага сельсавета, пашанцавала вярнуцца дадому жывым і непараненым. А ўсё дзякуючы дапамазе малітвы матулі, перакананы воін-інтэрнацыяналіст.

– Мама была шчыра веруючая, ды і ўвогуле ўся наша сям’я, – распавядае Аляксандр Геранімавіч. – Дзе б ні знаходзіўся, малілася за мяне. Я таксама веру ў Бога і заўсёды нашу з сабой іконку Мікалая Цудатворца.

У рады Савецкай Арміі Аляксандра Геранімавіча прызвалі ў 1973 годзе. У горадзе Пушкін Ленінградскай вобласці ён закончыў школу малодшых авіяспецыялістаў і быў накіраваны ў горад Тапа Эстонскай ССР, дзе і праходзіў тэрміновую службу.

– У 1979 годзе, калі савецкія войскі былі ўведзены ў Афганістан, мяне і яшчэ чатырох чалавек з нашага палка адправілі ў Ташкент, а адтуль – у Кызыл-Арват, – расказвае афганец. – Там мы рыхтаваліся да паўнацэннага выканання баявых заданняў. Для гэтага быў сфарміраваны авіяцыйны корпус змешанага саставу, прадстаўлены ўсімі відамі авіяцыі.

У Кандагар Аляксандр Каросцік трапіў летам 1980 года.

– Чужая зямля сустрэла спякотным сонцам і пылам, – прыгадвае ветэран. – Ночы былі халоднымі. Спалі ў палатках. Ваду пілі з калодзежа, які самі выкапалі. Перад намі стаяла задача – падрыхтаваць верталёты МІ-8 да баявых вылетаў, а гэта значыць узброіць іх кулямётамі, бомбамі, блокамі. Увогуле, у афганскай вайне верталёты займалі асаблівае месца, паколькі былі ўніверсальнымі і часта станавіліся адзінай падтрымкай у дзейнасці войскаў.

У Афганістане Аляксандр прабыў амаль год. Вярнуўся на радзіму, праз некаторы час ажаніўся. Разам з жонкай яны выхавалі дзвюх дачок, а зараз вось дапамагаюць гадаваць унучку. Клапатлівы дзядуля кожную раніцу адвозіць сваю Віку ў дзіцячы сад на ўласнай “шасцёрцы”. Гэты жыццярадасны чалавек з асаблівым пачуццём гумару ніколі не маркоціцца і ўпэўнена глядзіць наперад.

Раны не загойваюцца, успаміны пра страшную вайну не сціраюцца.

Пра дату 15 лютага, якая на календары пазначана як дзень памяці яго аднапалчан, воін-інтэрнацыяналіст гаворыць: “Гэта не свята, гэта магчымасць яшчэ раз успомніць тых хлопцаў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны доўг, якія пацвердзілі вернасць прысязе, праявілі мужнасць, стойкасць і гераізм. Час бязлітасны: ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане з кожным годам становіцца менш. Нягледзячы на гэта, мы іх памятаем і ўпэўнены, што гэту памяць захаваюць нашы нашчадкі”.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *