Семинар по патриотическому воспитанию прошел в Бегомле
На базе Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча адбыўся раённы семінар “У патрыятызме дзяцей і моладзі – будучыня Беларусі”. Мерапрыемства прымеркавалі да 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Перасоўная выстава Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” пасля старту ў Бягомлі вандруе па іншых установах адукацыі раёна. З яе зместам знаёмяць навучэнцаў старшы памочнік пракурора раёна Наталля Піскуновіч і дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Вольга Таляронак. На Докшыччыне выстава прабудзе да 28 лютага.
Удзельнічалі ў семінары дырэктары ўстаноў адукацыі і іх намеснікі, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Плыгаўка, старшы памочнік пракурора раёна Наталля Піскуновіч, дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Вольга Таляронак, педагогі і вучні Бягомльскай школы.
У ходзе мерапрыемства настаўнікі наведалі мемарыяльны комплекс “Шунеўка”, дзе ўшанавалі памяць ахвяр вайны.
Асноўная частка праграмы прайшла ў самой установе адукацыі. Гасцей вітаў дырэктар Пётр Гігель, які звярнуў увагу на тое, што мерапрыемствы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, якія праводзяцца ў школе, заўжды ў прыярытэце. У іх уцягнуты не толькі навучэнцы, іх бацькі і педагогі, але і мясцовыя жыхары, прадстаўнікі арганізацый і іншых устаноў адукацыі раёна. І гэта не выпадкова, бо Бягомльшчына з’яўлялася цэнтрам партызанскага руху. Выклікаць цікавасць да яе гераічнага мінулага, выхаваць пачуццё гонару за подзвіг продкаў – адна з галоўных задач ваенна-патрыятычнага выхавання.
У фае школы разгарнулася перасоўная выстава Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Наталля Піскуновіч азнаёміла прысутных з расследаваннем крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, якое вядзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.
– У апошнія гады актыўна распаўсюджваецца лжывая інфармацыя пра Вялікую Айчынную вайну, прадпрымаюцца спробы сфальсіфікаваць факты і прынізіць маштаб трагедыі беларускага народа, – заўважыла Наталля Піскуновіч. – Менавіта гэтыя антыграмадскія дзеянні ляжаць у аснове ўзбуджанай крымінальнай справы па фактах злачынстваў, учыненых нацыстамі і іх памагатымі ў ваенны час.
З дакладам на тэму вынішчэння беларусаў падчас нямецкай акупацыі выступіла і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Бягомльскай школы Іна Рымант. Таксама яна паведаміла пра сучасныя падыходы ў ваенна-патрыятычным выхаванні.
Сярод важных напрамкаў дзейнасці Бягомльскай СШ – добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на тэрыторыі воінскіх пахаванняў, абеліскаў, брацкіх магіл, якіх за школай замацавана больш за дваццаць. Ва ўстанове праводзяцца ўрокі Мужнасці і ўрокі Памяці, арганізоўваюцца паходы па месцах баявой славы. Наладжана цеснае ўзаемадзейнічанне з Бягомльскім музеем народнай славы, вынікам якога сталі не толькі экскурсіі, але і сумесныя мерапрыемствы.
Адзін са стэндаў, аформленых ва ўстанове адукацыі, прысвечаны Герою Савецкага Саюза Сцяпану Манковічу. Працягваецца работа па папаўненні альбома аб жыцці і службе героя.
З новага навучальнага года ў школе функцыянуюць клас ваенна-патрыятычнай накіраванасці і клуб “Юны абаронца Айчыны”.
Праграма семінара ўключала таксама адкрыты ўрок “Вызваленне тэрыторыі БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, які правяла настаўнік гісторыі Наталля Лапчык у Бягомльскім музеі народнай славы, ваенна-спартыўную гульню “Рубяжы Перамогі”, арганізаваную кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Вадзімам Ціханскім, літаратурна-музычны мікс “Дзеці вайны”.
Закончылася сустрэча падвядзеннем вынікаў, падчас якога быў адзначаны высокі ўзровень дзейнасці Бягомльскай школы па фарміраванні ў моладзі высокай патрыятычнай свядомасці.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадастаўлена І. РЫМАНТ.