4 марта — День милиции. Итоги профессиональной деятельности подвели в Докшицком РОВД

IMG_5563 с

Кожны год 4 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі ўнутраных спраў. 

Гэта людзі, якія знаходзяцца на варце грамадскай бяспекі, сочаць за сітуацыяй на дарогах, выконваюць іншыя задачы для падтрымання парадку ў краіне. Служба ў міліцыі лічыцца адной з самых адказных і небяспечных і разам з тым ганаровых.

Напярэдадні Дня міліцыі мы сустрэліся з начальнікам Докшыцкага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Вадзімам Гарбузавым (на здымку), каб пацікавіцца, з якімі здабыткамі сустракаюць сваё свята правааахоўнікі.

– З задачамі, пастаўленымі перад калектывам, цалкам спраўляемся, – падкрэсліў Вадзім Вітальевіч. – Адзначу, што ў мінулым годзе на тэрыторыі раёна не дапушчана забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў і іншых цяжкіх злачынстваў супраць здароўя і жыцця чалавека. Знізілася агульная колькасць злачынстваў з 115 да 82, па лініі крымінальнага вышуку – з 68 да 32. Што тычыцца маёмасных крадзяжоў, якія ў асноўным здяйсняліся з дачных дамоў, то летась іх раскрывальнасць склала 80 працэнтаў.

– Яшчэ адна рэальнасць, з якой прыходзіцца змагацца праваахоўнікам, – гэта кібератакі…

– Так, гэта біч сучаснасці. Напрыклад, з пачатку года ў раёне зарэгістраваны два выпадкі – у абодвух пацярпелі жанчыны пенсіённага ўзросту. Адна з іх пазбавілася 400 рублёў. Другой дапамаглі своечасова спыніцца блізкія. Каб не яны, то жанчына пералічыла б махлярам 6 500 рублёў.

Большасць кіберзлачынстваў сёння пабудаваны на метадах сацыяльнай інжэнерыі. Махляры – тонкія псіхолагі, якія ўмела ўздзейнічаюць на свядомасць чалавека, адключаюць яго мысленне і логіку і такім чынам прымушаюць зрабіць пэўныя дзеянні. Як правіла, у месенджар тэлефануюць і прадстаўляюцца работнікамі банка ці праваахоўнікамі, а апошнім часам – аператарамі мабільнай сувязі.

– Як ахарактарызуеце абстаноўку на дарогах?

– На жаль, без гібелі людзей на дарогах не абышлося. У мінулым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана дзевяць дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх чатыры чалавекі загінулі і 19 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

Докшыцкі раён мае транзітнае месцазнаходжанне. Праз яго тэрыторыю едуць з Мінска, Віцебска, Гомеля. Кірункі самыя розныя – Нарач, Браслаў. Гэта акалічнасць у тым ліку ўплывае на аварыйную статыстыку. А мы, у сваю чаргу, працягваем працаваць над удасканальваннем дарожнай сеткі. Так, летась на выездзе з Докшыц абуладкаваны кругавы рух, так званае “кольца”, на больш небяспечных участках устаноўлены абмежаванні хуткасці руху. Таксама шукаем спосабы, якія б дапамаглі знізіць колькасць ДТЗ з удзелам дзікай жывёлы.

– Вадзім Вітальевіч, у мінулым годзе вы ўзначалілі райаддзел. Як у цэлым ацэньваеце работу калектыву за гэты перыяд?

– Асабісты састаў органаў унутраных спраў гатовы і здольны выконваць ускладзеныя на яго задачы. Калектыў малады. Сфарміравана ядро прафесіяналаў, кожны з якіх ведае сваю справу.

– На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік міліцыі?

– Па-першае, ён павінен быць патрыётам сваёй краіны. Быць граматным, юрыдычна падкаваным, умець хутка і правільна прымаць рашэнні. Працаваць 24 на 7 і аказваць дапамогу кожнаму, хто трапіць у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

Вашы пажаданні калегам да прафесійнага свята?

– Безумоўна, жадаю ўсім – ветэранам і тым, хто зараз служыць у міліцыі, – здароўя, мэтанакіраванасці, сямейнага дабрабыту. А блізкім і родным выказваю падзяку за іх цярпенне і падтрымку ў нашай нялёгкай службе.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *