Докшицкий военный комиссариат ведет свою историю с 20 августа 1940 года
ДА ДНЯ ВАЕННЫХ КАМІСАРЫЯТАЎ
Папярэднікі ваенкаматаў існавалі з пачатку ўстанаўлення дзяржаўных фарміраванняў, толькі ў розныя часы гэтыя структуры называліся па-рознаму: ад перапісчыкаў Старажытнай Русі да ваенных аддзелаў валасных, павятовых, губернскіх і мясцовых Саветаў. У красавіку 1918 года з’явілася вышэйшая ваенная інспекцыя, якая была абавязана аказваць дапамогу мясцовым органам ваеннага кіравання ў стварэнні арміі, а таксама кантраляваць парадак яе фарміравання і навучання. Докшыцкі ваенны камісарыят вядзе сваю гісторыю з 20 жніўня 1940 года. Некалькі разоў мяняў месца дыслакацыі. Напрыклад, з 1944 па 1956 год размяшчаўся ў Параф’янаве. У 1963 годзе быў расфарміраваны, але праз два гады зноў пачаў сваю дзейнасць. Спачатку знаходзіўся па адрасе г. Докшыцы, вул. Палявога, д.15. У 1982 годзе быў пераведзены ў суседні дом № 14, дзе знаходзіцца і ў цяперашні час.
Першым ваенным камісарам быў капітан Сурын. За ім ваенкамат узначальвалі М.Ф. Іваноў, С.І. Юрчанка, І.Ф. Шаціла, П.М. Панцялееў, А.П. Давыдаў, У.А. Камзакоў, М.М. Курносаў, А.Ц. Смірноў, М.Ф. Гордзін, П.Г. Вязнікаў, Ю.С. Жыўлюк, Г.В. Пацэвіч. Са снежня 2015 года ваенны камісарыят Докшыцкага раёна ўзначальвае падпалкоўнік Віталь Леснічэнка.
Па змесце і характары тых задач, якія выконвае ваенкамат, яго можна назваць сувязным звяном паміж воінскімі часцямі, мясцовай адміністрацыяй і насельніцтвам. У адказнасці яго супрацоўнікаў пытанні па мабілізацыйнай гатоўнасці, тэрытарыяльнай абароне, якаснай падрыхтоўцы моладзі да службы ў арміі, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы афіцэраў запасу, арганізацыя воінскага ўліку, прызыву грамадзян на ваенную службу і службу ў рэзерве, адборы кандыдатаў для праходжання службы па кантракце і паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы. Акрамя таго, тут вядзецца работа па пенсійным забеспячэнні і сацыяльным абслугоўванні ваеннаслужачых, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сямей.
Вялікая ўвага надаецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. У гэтай рабоце актыўна дапамагаюць ветэраны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, былыя ваенкамы Аляксей Смірноў, Пётр Вязнікаў, Юрый Жыўлюк, Генадзь Пацэвіч.
Падпалкоўнік у адстаўцы АЛЯКСЕЙ СМІРНОЎ ваеннай справе прысвяціў 30 гадоў. На службу ў армію быў прызваны ў 1956 годзе. На працягу года быў камандзірам танка ў танкавым палку ва Уладзіміры. Скончыў Горкаўскае радыётэхнічнае вучылішча войск супрацьпаветранай абароны. За дасягненне значных прафесійных поспехаў яму была прысвоена кваліфікацыя “майстар па станцыях навядзення ракет”. У 1968 – 1969 гадах знаходзіўся ў спецкамандзіроўцы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы В’етнам. За мужнасць і адвагу, праяўленыя там, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. З 1975 па 1986 год афіцэр працягнуў службу ў сістэме ваенных камісарыятаў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, з іх чатыры апошнія гады быў ваенным камісарам у Докшыцах.
Кадравы афіцэр ПЁТР ВЯЗНІКАЎ службе Радзіме прысвяціў 28 гадоў. Закончыў Палтаўскае зенітна-артылерыйскае вучылішча, пасля чаго служыў у 103 Віцебскай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў. Сем гадоў вучыў ваеннай справе байцоў тэрміновай службы. У снежні 1979 года трапіў у Афганістан, дзе абараняў штаб сваёй дывізіі ў Кабуле. З Афганістана вярнуўся ў 1982 годзе. Пасля гэтага некаторы час быў начальнікам проціпаветранай абароны Тульскага паветрана-дэсантнага палка. З 1988 года па 1996-ы ўзначальваў Докшыцкі ваенны камісарыят.
Выслуга гадоў ва Узброеных Сілах падпалкоўніка ЮРЫЯ ЖЫЎЛЮКА – 32 гады. Скончыў Омскае вышэйшае танкавае вучылішча, пасля чаго быў накіраваны ў Адэскую ваенную акругу. Пэўны час служыў камандзірам танкавай роты Забайкальскай ваеннай акругі. З 1989 па 1991 год быў начальнікам штаба – намеснікам камандзіра мотастралковага батальёна 183 танкавага палка ў Барысаве. Працягнуў ваенную службу ў сістэме ваенных камісарыятаў у 1991 годзе на пасадзе начальніка першага аддзялення – намесніка ваеннага камісара, якім потым з’яўляўся з 1996-а па 2006-ы г. Узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”.
У 2006 годзе годную дзейнасць сваіх папярэднікаў пераняў падпалкоўнік ГЕНАДЗІЙ ПАЦЭВІЧ. У ваенным камісарыяце, перад тым як заняць кіруючую пасаду, ён прайшоў усе ступені кар’ернага росту. Пад яго кіраўніцтвам у 2009 годзе па выніках службовай дзейнасці Докшыцкі ваенкамат быў прызнаны лепшым у вобласці. У арсенале ўзнагарод ёсць таксама падзячны ліст ад галоўнакамандуючага ваенна-паветраных сіл Расійскай Федэрацыі генерал-палкоўніка А. Зеліна. Падарункамі была адзначана паказальная работа ваенкамата па пастаўцы ваеннаабавязаных на зборы. Генадзій Вацлававіч узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”.
Са снежня 2015 года ваенны камісарыят Докшыцкага раёна ўзначальвае падпалкоўнік ВІТАЛЬ ЛЕСНІЧЭНКА. Родам ён з Ушаччыны. Вучыўся ў Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь, пасля заканчэння якой атрымаў кваліфікацыю камандзіра падраздзяленняў радыё- і касмічнай сувязі. Шлях ад камандзіра ўзвода да начальніка штаба батальёна сувязі прайшоў у 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску. Далей Віталію Леснічэнку была даверана пасада намесніка кіраўніка ваеннай камендатуры Віцебскай вобласці, пасля расфарміравання якой ён працягнуў службу ў сістэме ваенных камісарыятаў. З усіх прапаноў выбраў родную Ушаччыну. Праз год узначаліў ваенны камісарыят у Докшыцах. Узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.