Обновленное здание ЦБУ № 240 ОАО «Белагропромбанк» открыли в Докшицах
У Докшыцах пасля рамонту адкрыўся абноўлены будынак ЦБП № 240 рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”.
На ўрачыстасці прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Жынгель, першы намеснік старшыні райвыканкама Наталія Вараб’ёва, а таксама кіраўнікі арганізацый, устаноў раёна і кліенты банка.
Сёння “Белаграпрамбанк” аказвае шырокі спектр паслуг грамадзянам, арганізацыям і ўстановам, выконвае функцыю агента Урада, падтрымлівае сельскагаспадарчую галіну і выступае буйнейшым крэдыторам аграпрамысловага комплексу.
– Напэўна, сімвалічна, што ў Год добраўпарадкавання вы адны з першых у нашай рэгіянальнай дырэкцыі навялі парадак у сваім падраздзяленні, – адзначыў Алег Жынгель. – Банк без кліентаў – гэта не банк. Мы шануем кожнага з іх, незалежна ад яго статусу, – ці гэта дробнае прадпрыемства, індывідуальны прадпрымальнік, буйная вытворчасць. Упэўнены, што абноўленая ўстанова будзе прыносіць карысць Докшыцкаму раёну, а кліенты будуць задаволены тымі банкаўскімі прадуктамі, якія ім прадастаўляюць.

Начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Жынгель
Тое, што будынак набыў не толькі новы знешні выгляд, а і новы функцыянал, перш за ўсё для жыхароў раёна, які заключаецца ў зручнасці, адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала:
– Прыемна, што і для работнікаў банка ўмовы працы сталі сучаснымі і камфортнымі. Жадаю калектыву пабольш кліентаў і далейшага плёну, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
За падарунак у выглядзе адрамантаванага будынка абласному кіраўніцтву “Белаграпрамбанка” падзякавала начальнік ЦБП Алена Шугальская. На памяць аб гэтай падзеі яна ўручыла Алегу Жынгелю карціну, зробленую рукамі докшыцкіх майстроў, а потым для гасцей правяла экскурсію па аб’екце.
На першым паверсе размясцілася зручная зона самаабслугоўвання, прызначаная як для фізічных, так і для юрыдычных асоб. Побач з касамі – зона чакання, дзе на стыльных канапах можна адпачыць, пакуль чакаеш сваёй чаргі. Абсталявана таксама гульнявое месца для самых маленькіх кліентаў. Адно з новаўвядзенняў – электронная чарга і сістэма кантролю і кіравання доступам. Новы выгляд набылі таксама службовыя памяшканні і пакой прыёму ежы, размешчаныя на другім паверсе.
Работнікі спадзяюцца, што ўсе змены, якія адбыліся пасля рамонту, дазволяць банку стаць яшчэ больш папулярным у насельніцтва.
Гісторыя “Белаграпрамбанка” пачалася яшчэ ў савецкія часы, калі быў утвораны Дзяржаўны банк. У Докшыцах яго першае аддзяленне з’явілася пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і размясцілася ў жылым доме на вуліцы Палявога. У 1968 годзе банк пераехаў у новы тыпавы будынак на вуліцы Ленінскай, у якім знаходзіцца і па сённяшні дзень.
У 2009 годзе правялі першы капітальны рамонт будынка, надаўшы яму сучасны выгляд. У 2025 годзе адбылося яшчэ адно абнаўленне з захаваннем усіх архітэктурных формаў і прымяненнем актуальных рашэнняў і патрабаванняў сённяшняга часу.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.