Белорусские продукты и вкусные, и полезные
Паводле інфармацыі БелТА, яшчэ ў пачатку бягучага года пасля сумеснага пасяджэння калегій аграрных ведамстваў двух бакоў планавалася павялічыць пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расію на 5 працэнтаў. Адзначалася, што балансы ўзгоднены без усялякіх канфіскацый і абмежаванняў, што менавіта Беларусь павінна дапоўніць расійскі рынак харчаваннем, якое там вырабляюць у недастатковым аб’ёме. На пасяджэнні не падымалася пытанне аб якасці беларускай прадукцыі і аб правядзенні з расійскага боку якіх-небудзь антыдэмпінгавых расследаванняў. Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, якасць беларускага харчавання не выклікае ў расіян ніякіх сумненняў, а яго высокія спажывецкія ўласцівасці пацверджаны як экспертамі, так і спажыўцамі. І тым не менш пастаўкі ў Расію з Беларусі напрыканцы лістапада абмежавалі. Як сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга, паводзіны расійскага ўрада яго не толькі здзіўляюць, але і засмучаюць. Здзіўляе гэта таксама беларусаў і расіян.
Цэнтральная крама “Родны кут”, што ў райцэнтры, мае поўны асартымент усіх харчовых тавараў. Вялікі стэлаж адведзены пад прадукцыю малаказаводаў рэспублікі. Тут ёсць усё: цвёрдыя і мяккія сыры, тварог і тварожныя масы з цукатамі, ванілінам, разынкамі, фруктамі, макам, а таксама малако і смятанка рознай тлустасці, ражанка і сметанковае масла, ёгурт і ахаладжальныя напоі з сывараткі і іншае. У вялікіх і малых упакоўках, у белых і рознакаляровых стаканчыках і бутэлечках, для дзяцей і дарослых. Што выбірае наш народ? Прадукцыя якой вытворчасці карыстаецца найбольшым попытам у пакупнікоў? Каб атрымаць адказ на гэтыя пытанні, я звярнулася да наведвальнікаў магазіна.
Ірына Даўжонак, настаўніца:
– Кожны дзень я заходжу ў краму, каб набыць малочную прадукцыю. Заўсёды бяру малако і смятану толькі Лепельскага малочнакансервавага камбіната. Лічу, што гэтыя прадукты з Лепеля самыя смачныя. Дзецям бяру малако з вышэйшым працэнтам тлустасці, сабе – з ніжэйшым. Са сметанковага масла аддаю перавагу “Ласкаваму лету”, а вось тваражкі з цукрам і без – зноў толькі лепельскія. Якасць – выдатная, смак – таксама. Ды наша прадукцыя цэніцца ўсюды. Не так даўно была ў Маскве і бачыла, што беларускі тварог рознага віду і там не залежваецца, а глыбоцкая “згушчонка” ўвогуле ідзе нарасхват.
Зоя Мацкевіч, фельчар санаторыя “Баравое”:
– Вось прыйшлі з унучыкам Арсеніем за тваражкамі. Ён у нас любіць малочную прадукцыю: ёгурты, тваражок з разынкамі, ражанку. Выбіраем прадукты Лепельскага МКК, бо якасць іх даўно праверана. Як медык, заўсёды гляджу на тэрмін годнасці. Прыемна, што заляжалых тавараў гэтага асартыменту няма. Дачка жыве ў Мінску і таксама стараецца купіць тваражок з Лепеля. Яна прывучана сачыць за тым, што ўваходзіць у склад таго ці іншага прадукту. Для росту і развіцця дзіця вельмі важна правільна харчавацца, ужываць высакаякасную прадукцыю.
Вольга Ярыжанец, пенсіянерка:
– Я ў тым узросце, калі перавагу аддаюць малочным прадуктам. Пастаянна бяру ў краме малако, кефір, смятану, тваражок, сметанковае масла, што не ў пачках, а на разважванні. На кошт не гляджу, бо галоўным лічу захаваць здароўе. За жыццё косці паступова губляюць кальцый, становяцца слабымі, кволымі, а таму тваражкі ды і ўсё, атрыманае ад кароўкі, трэба есці ў вялікай колькасці. Мы з сяброўкамі прыйшлі да высновы, што найбольш якасным таварам з’яўляецца той, што вырабляюць, лічы, на месцы. Докшыцкае малачко паступае ў Лепель і вяртаецца назад у выглядзе кефіру, тварагу, сыру і так далей.
– Ніна Асаёнак, прадавец крамы “Родны кут”:
– Як бачыце, малочны асартымент у поўным аб’ёме. Мы заказваем прадукцыю з Віцебскага, Полацкага, Лепельскага, Маладзечанскага, Мінскага, Брэсцкага, Браслаўскага, Глыбоцкага і іншых заводаў-перапрацоўшчыкаў. Магу з усёй адказнасцю сказаць, што найбольшым попытам у нас карыстаецца прадукцыя з Лепельскага МКК. Адтуль яна паступае да нас кожны дзень і займае ў агульным аб’ёме больш чым палову ад усёй малочнай прадукцыі. І што цікава. Размешчаны на паліцы тварог збоку, малако знізу і тым не менш, іх знаходзяць, купляюць. Часта заходзяць у краму расіяне, якія адпачываюць у санаторыях і пытаюцца, дзе ўзяць лепельскія вырабы, якіх у нас разам з сырамі больш чым 20 відаў.
У перыяд водпуску, а было гэта ў верасні, я ў чарговы раз наведалася з экскурсіяй у Санкт-Пецярбург. Горад цікавы, неймаверна прыгожы. Давялося паразмаўляць з расіянамі. І як прыемна было чуць: “ У вас там усё такое смачнае! Зайздросцім вашаму харчаванню”. Ну што тут больш скажаш!
PS. Па матэрыялах “Беларусь сегодня”:
Ірына Астаф’ева, старшыня Мінскага таварыства абароны правоў спажыўцоў:
– Сёння спажыўцы сталі больш граматнымі і імкнуцца купляць якасныя прадукты. Па беларускай прадукцыі, асабліва малочнай, скаргаў практычна няма. Калі аглянуцца гадоў 20 таму і параўнаць з сённяшнім днём, то можна з упэўненасцю сказаць: у Беларусі адбыўся інтэнсіўны скачок у павышэнні культуры якасці. І гэта адразу адчулі спажыўцы. Яны разумеюць, што свая прадукцыя жорстка кантралюецца. Трэба аддаць належнае санітарнай службе.
Запісала Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.