Человек-глыба Петр Машеров. Путь от учителя до руководителя республики

Машеров

Чалавек-глыба Пётр Міронавіч Машэраў. Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, выбітны дзяржаўны дзеяч Беларусі. У нашым раёне яго імя носіць адна з бягомльскіх вуліц.

Пётр Міронавіч нарадзіўся 13 лютага 1918 года ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна і прайшоў шлях ад настаўніка Расонскай сярэдняй школы да кіраўніка рэспублікі.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Машэраў уступіў у рады знішчальнага батальёна, але неўзабаве разам з баявымі таварышамі трапіў у палон. Нашых байцоў пагрузілі ў таварныя вагоны і адправілі ў невядомым кірунку. Па дарозе адважнаму Пятру ўдалося саскочыць з цягніка. Адваротны шлях у Расоны заняў больш за два тыдні, аднак горад у той момант ужо знаходзіўся ў акупацыі.

Вярнуўшыся дамоў, Пётр уцёрся ў давер да немцаў і адначасова пачаў арганізоўваць падпольную групу. Падпольшчыкі займаліся дыверсіямі, збіралі зброю і друкавалі ўлёткі.

У першую ваенную вясну атрад пакінуў раённы цэнтр і накіраваўся ў лес.

У пачатку восені 1942 года ў сям’ю Машэравых прыйшла бяда. Даведаўшыся пра партызанскую дзейнасць Пятра, акупанты расстралялі яго маці.

Праз паўгода Машэраў стаў камісарам партызанскай брыгады імя Ракасоўскага, а ў 1943-м узначаліў Вілейскі падпольны абкам камсамола.

Падчас вайны быў двойчы паранены.

Пасля вызвалення Беларусі знаходзіўся на кіруючай камсамольскай і партыйнай рабоце. У 1965 годзе стаў на чале БССР.

Унёс велізарны ўклад ва ўвекавечанне подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы яго намаганням створаны мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган Славы”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, а Мінску прысвоена ганаровае званне горада-героя.

Рэспубліка пад яго кіраўніцтвам дасягнула значных поспехаў ва ўсіх галінах эканомікі.

Усе, хто ведаў Пятра Міронавіча асабіста, адзначалі яго харызматычнасць, інтэлігентнасць, уважлівасць да людзей.

Ён узнагароджаны сямю ордэнамі Леніна і шматлікімі медалямі.

Загінуў народны лідар у аўтакатастрофе 4 кастрычніка 1980 года.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *