Что в мусорных контейнерах? В Докшицком районе заинтересованные службы проводят рейды

Так падчас рэйду выглядала пляцоўка на вуліцы Усходняй у райцэнтры.

Так падчас рэйду выглядала пляцоўка на вуліцы Усходняй у райцэнтры.

Зацікаўленыя службы, сярод якіх санстанцыя, інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, работнікі ЖКГ, пастаянна ажыццяўляюць кантроль за належным утрыманнем тэрыторыі раёна. Карэспандэнты раёнкі таксама не застаюцца ўбаку: удзельнічаюць у сумесных рэйдах і маніторынгах, рыхтуюць крытычныя артыкулы.

Днямі ў адзін з такіх рэйдаў адправіліся разам з памочнікам урача-гігіеніста РЦГіЭ Ларысай Янчак, каб праверыць, ці па назначэнні насельніцтва выкарыстоўвае кантэйнеры для цвёрдых бытавых адходаў.

На жаль, жыхары працягваюць загрувашчваць кантэйнерныя пляцоўкі буйнагабарытнымі прадметамі і расліннасцю. Так, у райцэнтры на вуліцы К. Маркса хтосьці пакінуў старое крэсла, а на Усходняй – гару будаўнічага матэрыялу, на версе якой ляжала зрэзаная сасна. І гэта не адзінкавы выпадак.

Заўвагі ў памочніка ўрача-гігіеніста былі таксама і ў дачыненні да іншых пляцовак. Так, у неналежным стане яны знаходзіліся на момант рэйду ў парку на вуліцы Піянерскай, вуліцах Спартыўнай і Чарняхоўскага, 1.

– Кантэйнеры прыстасаваны для дробных адходаў, – нагадвае майстар палігона бытавых адходаў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Вячаслаў Ючкавіч. – Аднак нашы людзі не прывыклі жыць па правілах, а робяць так, як ім хочацца. Умудраюцца нават выкінуць у кантэйнер цэлае пладовае дрэва, а потым абураюцца, чаму камунальнікі несвоечасова вывозяць смецце. Між іншым, у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прапісана, што парушальнікам парадку збору адходаў пагражае штраф да 30 базавых велічынь.

Камунальнікі ў чарговы раз нагадваюць, што ў кантэйнеры забараняецца выкідваць шыны, люмінісцэнтныя лямпы, будаўнічыя адходы, адпрацаваныя батарэйкі. На саміх пляцоўках таксама нельга складзіраваць спілаваныя дрэвы, адходы бетону, шыферу, бітую цэглу. Жыльцы павінны самі вывозіць будаўнічае смецце. Для гэтага можна папярэдне дамовіцца і заказаць у камунгасе транспарт.

Дарэчы, фотапасткі, устаноўленыя ў лясным фондзе, не раз дапамагалі работнікам лясгаса лавіць парушальнікаў. Было б добра, каб гэтыя ўстройствы сталі прымяняцца і каля кантэйнерных пляцовак. Тады, магчыма, мы б змаглі адвучыць насельніцтва ад дрэннай звычкі захламляць іх.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *