90-летний юбилей отметила Нина Рудько, уроженка деревни Речные
Яе душа не старэе. Такую выснову зрабіла жыхарка аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Крулеўшчына Ніна Рудзько, якая на мінулым тыдні адзначыла сваё дзевяностагоддзе.
Апаленае вайной – гэта пра яе дзяцінства. Шэсць гадоў было дзяўчынцы Ніначцы, калі страшная вестка прыляцела ў яе родную вёску Рачныя. Успаміны пра ваеннае ліхалецце ў яе, канечне, урыўкамі, як звычайна ў дзяцей: запамінаецца штосьці самае ўражлівае. Яна памятае, як зімой уцякалі ад немцаў у лес на конях – колькі магло змясціцца ў вазок, як начавалі, ухутаныя ў кажухі ды коўдры, пад елкамі. Памятае, што тата вырыў у зямлі вялікую яму, куды схавалі збожжа, сякія-такія харчы, адзенне, – гэта дапамагло пасля выжываць. Распавядае, што перабраліся па вясне ў лес на пастаяннае жыхарства. У сям’і Карніловічаў – гэта дзявочае прозвішча суразмоўцы – быў гатовы зруб новай хаты. Бацька яго і перавёз у лясны гушчар, выкарыстаў частку на будаўніцтва зямлянкі, у якой ад сцяны да сцяны зрабілі нары. Спалі на іх у радок ажно тры сям’і – Нініна, татавага брата і суседзяў.
– Фашысты ў нашым Рачным і стаялі, і налётамі паяўляліся, – прыгадвае Ніна Фёдараўна. – Большасць хат, у тым ліку і нашу старую, спалілі, а вось з людзьмі – не. Аднак ахвяры ўсё роўна былі. Мама казала, што забілі болей за трыццаць чалавек. Помню, расказвала, што некалькі жанчын затаіліся ў лазні, дзе іх гітлераўцы знайшлі і расстралялі. Выжыла толькі адна, якая схавалася пад вялікім драўляным цэбрам для халоднай вады…
Пра вайну Ніна Фёдараўна расказвае спакойна, без болю ў голасе. Час, кажа, зарубцаваў раны на сэрцы, ды ў дзяцінстве, мабыць, усё ўспрымаецца інакш. А нагараваліся шмат. Тата пайшоў на вайну ў сорак чацвёртым, ваяваў па-геройску, аб чым сведчаць медалі, у тым ліку і “За адвагу”. У сорак пятым быў цяжка паранены, яшчэ восем месяцаў пасля шпіталя правёў у дзядзькі ва Украіне, хацеў, каб сям’я пераехала туды, але маці не згадзілася. Вярнуўся дадому на кастылях. Да тае пары зруб з лесу ўжо перавезлі ў вёску (тады людзі ўсё рабілі талакой, дапамагалі адно аднаму, як маглі), дах накрылі. Пачалося новае жыццё. Бацька кладаўшчыком стаў працаваць у саўгасе, маці пайшла ў паляводства, а за ёй у хуткім часе і Ніна.
Замуж дзяўчына выйшла ў Дзедзіна. Нарадзіліся сын і дачушка. Пераехалі жыць у Янушэва. Здавалася б, шчасцю не будзе канца. Гераіня наша вялікая аптымістка, умела і ўмее радавацца жыццю. Танцорка была ці не першая на вёсцы, любіла прыгожа апранацца, прымаць гасцей і хадзіць у госці. Яшчэ адно захапленне – вышыванне. І вязаць умела, і прасці, і ткаць крыху, а вось рукі ў вольную хвілінку найбольш да вышыўкі цягнуліся. Раслі дзеці, гаспадарка прырастала, муж побач, неба мірнае над галавой – як не радавацца? Работа ўсялякая была па душы: і ў будаўнічай брыгадзе давялося рупіцца, і на ФАПе прыбіральшчыцай папрацаваць, і ў дзіцячым садзе падсобнай рабочай – усяго сорак гадоў стажу мае. Але лёс яшчэ не раз выпрабаваў Ніну Фёдараўну на трываласць. Пайшоў з жыцця заўчасна сын, цяжка захварэла дачка. Братоў і сясцёр у жанчыны няма, унукаў таксама. У 2002 годзе аўдавела, але, кажа, не здавалася, нават нейкі час адна яшчэ карову трымала. Перабралася жыць у Крулеўшчыну, а ў снежні мінулага года – у аддзяленне.
Ніна Фёдараўна рухаецца з чатырохапорнай палачкай, празванай у народзе хадункамі, але адносіцца да гэтага па-філасофску: “У мае гады і тое добра”. Больш перажывае, што пагаршаецца зрок, а хочацца ж і фільм паглядзець па тэлевізары, і канцэрт. Адкрытая, гаваркая, хутка знайшла сабе сябровак. Адведваюць жанчыну радня, суседзі. З агеньчыкам у вачах расказвае, як шумна і весела адзначаўся яе 85-гадовы юбілей – чалавек дваццаць гасцей было. Цікавіцца ў загадчыка аддзялення Ліліі Паўліновіч: “Анатольеўна, адсвяткуем жа і дзевяноста?” Пачуўшы ў адказ “абавязкова”, шчасліва ўсміхаецца. “Гадоў многа, а душа ж не старэе”, – гаворыць мне на развітанне. Магла б і не гаварыць – гэта яскрава бачна.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.