Районный этап конкурса юных чтецов «Живая классика» прошел в Докшицах
СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч прымала ўдзельнікаў раённага этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.
Вучні школ раёна ў чатырох узроставых катэгорыях прадэманстравалі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Таксама ацэньваліся выбар тэксту твора, пачуццё жанравай асаблівасці і творчы патэнцыял канкурсантаў. Асноўнай тэмай абраных твораў стала Вялікая Айчынная вайна. І гэта невыпадкова, бо сёлета конкурс прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Перад пачаткам мерапрыемства з прывітальным словам да ўдзельнікаў і іх настаўнікаў звярнулася метадыст вучэбна-метадычнага кабінета раёна Вольга Плыгаўка.
– Прыемна адзначыць, што чытальнікі з нашага раёна тры разы станавіліся пераможцамі рэспубліканскага этапу, – гаварыла Вольга Віктараўна. – Радуе, што колькасць удзельнікаў конкурсу з кожным годам толькі расце. Вось і сёння журы прыйдзецца няпроста вылучыць пераможцаў, якія будуць прадстаўляць Докшыччыну на абласным этапе 23 мая.
І сапраўды, судзейскай камандзе выпала складаная задача, бо кожны з канкурсантаў быў яркі, эмацыянальны і, безумоўна, таленавіты. Вершы, якія дзеці прапускалі праз сэрца, краналі да слёз.
Сярод вучняў 1-4 класаў лепшым чытальнікам стаў Глеб Сіндрэвіч з Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча з вершам Р. Барадуліна “Бацьку”.
Дыпломам другой ступені за чытанне гэтага ж твора ўзнагароджаны Ягор Калбасіч (СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч). Таксама ў тройцы пераможцаў Марыя Наумец (Сітцаўская СШ) з вершам С. Кадашнікава “Вецер вайны”.
У намінацыі “5–6 класы” дыплом першай ступені атрымала вучаніца СШ № 1 г. Докшыцы Аліна Шынгарова, якая пакарыла ўсіх выкананнем верша “Маці” А. Куляшова. Другім стаў Канстанцін Чувакоў (Бягомльская СШ, “Васількі” М. Лынькова). Трэцяя – Дар’я Сакалова (СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, “Быль аб цымбалах і цымбалісце” А. Куляшова).
У намінацыі “7–8 класы” лепшым чытальнікам стала вучаніца СШ № 1 г. Докшыцы Ганна Сташэвіч, якая пранікнёна чытала “Баладу аб знойдзенай падкове” А. Куляшова. Дыплом другой ступені атрымала Дзіяна Бадун (СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, “Іванка”, В. Галоўчык). Трэцяй – Ефрасіння Цімкова (Бягомльская СШ імя С.С. Манковіча, “Запрашэнне на свята”, П. Броўка).
Сярод старшакласнікаў перамагла вучаніца Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Юліяна Міцько (“Ліст з палону”, А. Куляшоў). Таксама ў тройцы лідараў Ілья Яршэвіч (СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, “Яблычны Спас”, А. Беланожка) і Герман Каляга (СШ № 1 г. Докшыцы, “Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня”, А. Вярцінскі).
Дыпломы лепшым чытачам уручыла загадчык вучэбна-метадычнага кабінета раёна Аксана Гушчык.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.