Имя основателя подпольной организации «Молодая гвардия» Олега Кошевого навсегда останется в истории и памяти народа

Кошевой с

Імя юнага Героя Савецкага Саюза Алега Кашавога назаўсёды засталося ў гісторыі і памяці народа, што перажыў ваеннае ліхалецце, як стваральніка падпольнай арганізацыі “Маладая гвардыя”. Біяграфію Алега Кашавога, які стаў прыкладам бясстрашнасці і вернасці сваім ідэалам, ведаў кожны савецкі школьнік, імя героя носіць піянерская дружына Сітцаўскай сярэдняй школы.

Алег Кашавой нарадзіўся ў горадзе Прылукі, на Чарнігаўшчыне, 8 чэрвеня 1926 года. Затым сям’я пераехала ў Палтаву, а пазней — у Ржышчаў. Калі бацькі разышліся, хлопчык спачатку жыў з бацькам у горадзе Антрацыт, а потым з маці ў Краснадоне, куды жанчына пераехала ў 1940 годзе.

Па сведчаннях большасці тых, хто ведаў Алега яшчэ да вайны, ён быў сапраўдным прыкладам для пераймання. Добра вучыўся, захапляўся маляваннем, пісаў вершы, займаўся спортам, выдатна танцаваў. У школе дапамагаў тым, хто не паспяваў у вучобе. Займаўся стральбой і выканаў нарматыў для атрымання значка “Варашылаўскі стралок”. А навучыўшыся плаваць, пачаў дапамагаць іншым і неўзабаве стаў выратавальнікам. У хлопца былі вельмі цёплыя адносіны з маці, якая падтрымлівала яго ва ўсіх пачынаннях, таму ў доме Кашавых часта збіраліся сябры.

Калі пачалася вайна, Алег вучыўся ў восьмым класе. Нягледзячы на юны ўзрост, ён стаў дапамагаць параненым салдатам у шпіталі, наладзіў для іх выпуск сатырычнай газеты “Кракадзіл”, рыхтаваў зводкі з фронту.

У чэрвені 1942 года Алега Кашавога адправілі ў эвакуацыю. Аднак з’ехаць далёка не ўдалося. Хлопец вярнуўся ў Краснадон. У хуткім часе горад занялі немцы.

Практычна адразу пасля акупацыі ў горадзе незалежна адна ад адной сфарміраваліся некалькі моладзевых падпольных груп, якія ў верасні 1942 года былі аб’яднаны ў арганізацыю “Маладая гвардыя”. Яна налічвала амаль сто камсамольцаў розных узростаў.

Алег Кашавой займаўся планаваннем аперацый маладагвардзейцаў, сам удзельнічаў у акцыях, адказваў за сувязь з іншымі падпольнымі групамі, якія дзейнічалі ў ваколіцах горада. За час свайго існавання маладагвардзейцы выпусцілі і распаўсюдзілі каля 5 тысяч улётак з заклікамі да барацьбы з фашыстамі і з паведамленнямі пра тое, што адбываецца на франтах. Акрамя таго, яны здзейснілі шэраг дыверсійных акцый, такіх як знішчэнне хлеба, падрыхтаванага да вывазу ў Германію, разгон статку жывёлы, што прызначалася для патрэб нямецкай арміі, падрыў легкавой машыны з нямецкімі афіцэрамі. Адной з самых паспяховых акцый маладагвардзейцаў стаў падпал краснадонской біржы працы: у выніку былі знішчаны спісы тых, каго гітлераўцы мелі намер сагнаць на працу ў Германію. Дзякуючы гэтаму былі выратаваны ад нацысцкага рабства прыкладна 2000 чалавек. У ноч з 6 на 7 лістапада 1942 года маладагвардзейцы вывесілі ў Краснадоне чырвоныя сцягі ў гонар гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Фашысты ніяк не маглі выйсці на след падполля, хоць і задзейнічалі для гэтага свае лепшыя сілы. У студзені 1943 года пошукі сталі больш актыўнымі, таму партыйнае падполле загадала маладагвардзейцам сыходзіць з горада, разбіцца на маленькія групы і прабірацца за лінію фронту. Але перайсці яе не ўдалося.

Палявая жандармерыя схапіла Алега Кашавога недалёка ад горада Равянькі. Падчас вобыску фашысты знайшлі ў юнака чыстыя бланкі камсамольскіх пасведчанняў і зашыты ў адзенне камсамольскі білет, які ён насіў пры сабе заўсёды, парушаючы устаноўленыя правілы канспірацыі. На допыце яму загадалі назваць імёны ўсіх падпольшчыкаў, назваць іх месцазнаходжанне, але Алег упарта маўчаў. Гітлераўцы жорстка катавалі 16-гадовага хлопца. Пасля кожнага допыту на яго целе не заставалася ніводнага жывога месца, чорныя валасы паступова сівелі.

Кашавога павялі на расстрэл 9 лютага 1943 года. Ён быў закатаваны, але не зламаны. Месцам пакарання юнага героя стаў Грымучы лес пад Равяньками. Да вызвалення Краснадона заставалася толькі некалькі дзён – 14 лютага 1943 года ў горад увайшлі савецкія войскі. Да таго часу ўсе маладагвардзейцы ўжо былі пакараныя. Іх целы перапахавалі ў брацкай магіле ў Равяньках, у парку, які названы ў гонар “Маладой гвардыі”.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 верасня 1943 года Алег Кашавой удастоены звання Герой Савецкага Саюза (пасмяротна).

Барацьбе маладых падпольшчыкаў з фашыстамі Аляксандр Фадзееў прысвяціў свой раман “Маладая гвардыя”, які ўбачыў свет у 1946 годзе. Праз два гады рэжысёр Сяргей Герасімаў экранізаваў твор.

Падрыхтавала
Наталля ВАСЬКО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *