Студотряд имени Героя Советского Союза Владимира Стрельченко трудится в КУП «Докшицкий»
У гарачую пару жніва на дапамогу сельгаспрадпрыемствам раёна прыходзіць моладзь. Студатрад імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Стрэльчанкі шчыруе ў КУП “Докшыцкі “. Упэўнены, што юнакі і дзяўчаты з гонарам вытрымаюць працоўны экзамен, як калісьці вытрымаў жыццёвы герой, чыё імя прысвоена атраду.
Уладзімір Ігнатавіч Стрэльчанка нарадзіўся ў 1917 годзе ў г. Саранску. Яго бацька, ураджэнец Мінскай губерні, служыў прапаршчыкам 101-га запаснога пяхотнага палка.
У школьныя гады Валодзя любіў літаратуру, тэатр, марыў стаць машыністам поезда. Аднак у жыцця былі свае планы. Аднойчы за горадам прызямліўся самалёт. Дарослыя і дзеці збегліся паглядзець, што гэта за цуда-машына, што лятае, як птушка. Тут, побач з самалётам, хлапчук вырашыў: “Буду лётчыкам”.
З цікавасцю сачыў Валодзя за развіццём авіяцыі. У 1935-ым годзе ў Саранску пачаў працаваць аэраклуб. Юнак вытрымаў экзамены, прайшоў камісіі і апынуўся ў ліку 18-ці шчасліўчыкаў, якіх прынялі на вучобу. Без адрыву ад асноўнага месца працы ў чыгуначным дэпо Уладзімір вучыўся лётнаму майстэрству, пазнаваў работу авіяматораў.
Пасля заканчэння курса Стрэльчанку і яшчэ траім выпускнікам прапанавалі працягнуць вучобу ва Ульянаўскай лётна-тэхнічнай школе, адкуль малады чалавек вярнуўся ў аэраклуб малодшым тэхнікам.
Напрыканцы 1939 года Уладзіміра прызвалі на службу ў армію. Так ён трапіў на Украіну, на 113-ю авіябазу пад Харкавам. У сакавіку 1941 года быў лётчыкам бліжне-бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. Да вайны заставалася тры месяцы.
Баявое хрышчэнне сяржант Стрэльчанка атрымаў у прыдняпроўскіх баях. Па заданні камандавання ён не раз у складзе дзявяткі лятаў бамбіць пераправы праціўніка цераз Днепр у раёнах Рагачова, Жлобіна, Бабруйска, Гомеля.
Ужо ў ліпені 41-га Уладзіміра Стрэльчанку прызначылі камандзірам звяна. Ён самастойна здзяйсняў разведвальныя палёты над лініяй фронту і ў тыле ворага. Як аказалася, Уладзімір валодаў мастацтвам пілаціравання, уменнем бамбардзіроўшчыка і здольнасцю штурмана дакладна арыентавацца на любых вышынях, у любых абставінах.
Уладзімір Ігнатавіч прымаў удзел у баях пад Харкавам, Варонежам, у Сталінградскай бітве, разам з таварышамі абараняў неба Масквы. У той час кожны вылет нашых самалётаў не праходзіў без сустрэчы са знішчальнікамі праціўніка і моцнага абстрэлу зенітак. І толькі майстэрства нашых пілотаў, іх самаадданасць дазвалялі выконваць заданні, крок за крокам набліжаючы перамогу. Яе Уладзімір Стрэльчанка сустрэў у Празе.
Уладзімір Стрэльчанка здзейсніў 240 баявых вылетаў, удзельнічаў у 75 паветраных баях, збіў асабіста адзін і ў групе 12 самалётаў праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 лютага 1944 года за адвагу і гераізм, праяўленыя пры нанясенні штурмавых удараў па ворагу, лётчыку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Уладзімір Стрэльчанка ўзнагароджаны медалём “Залатая Зорка”, ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны I і II ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
У ліку нешматлікіх ваенных лётчыкаў СССР у 1944 г. узнагароджаны знакам Ордэна Брытанскай імперыі 5 ступені – самай прэстыжнай узнагародай Злучанага Каралеўства, якой ганаруюцца толькі грамадзяне краіны або замежнікі, якія ўнеслі важкі ўклад у справу захавання дэмакратыі і дзяржаўнасці Брытаніі.
Пасля вайны прадоўжыў службу на розных камандных і інструктарскіх пасадах у складзе бамбардзіровачнай авіяцыі і паветрана-дэсантных войскаў СССР у Маскоўскай, Беларускай, Закарпацкай, Забайкальскай ваенных акругах. У чэрвені 1957 года звольнены ў запас у званнні палкоўніка з правам нашэння ваеннай формы. Жыў у Бранску, у Дубне, Саратаве. Актыўна ўдзельнічаў у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі: працаваў з пошукавымі атрадамі, прызыўнікамі і курсантамі Саратаўскага авіявучылішча.
Памёр у 1981 годзе.
Падрыхтавала
Наталля ВАСЬКО.