Супруги Александр и Лилия Паручники встречают светлый праздник Пасхи в кругу родных и близких

ЕН 376 с

Сёлета ў Аляксандра і Ліліі Паручнікаў з Докшыц 20 красавіка свята двайное. Не толькі таму, што ў каталічкі па веравызнанні Ліліі Іосіфаўны і праваслаўнага Аляксандра Віктаравіча Уваскрашэнне Хрыстова адзначаецца разам, але і таму, што ў гэты дзень нарадзіўся іх сын Сяргей. Сужэнцы шчырыя вернікі, прытрымліваюцца посту, а апошні перадсвяточны тыдзень у іх напоўнены радаснымі клопатамі падрыхтоўкі і чаканнем сустрэчы з дарагімі людзьмі.

Надвор’е падчас нашага наведвання гэтай цудоўнай сямейнай пары навявала сум: неба зацягнула па-восеньску шэрымі хмарамі, парывісты вецер біў у твары халодным калючым дажджом. А пераступілі парог утульнага, светлага дома на вуліцы Сельскай, і падалося, што за яго вокнамі зноў засвяціла сонца – настолькі цёплай была сустрэча, настолькі сагрэла душы атмасфера дабрыні і любові, якой, здавалася, было пранізана нават паветра.

– Радуемся вясне, шчаслівыя, што разам, рыхтуемся да свята, – так акрэсліла, як цяпер модна гаварыць, сямейны статус Лілія Іосіфаўна. – Чысты чацвер жа трэба сустрэць у чыстым, упрыгожаным доме – паклапаціліся ўжо пра гэта. Ну і стравы святочныя пачынаю пакрысе гатаваць, бо за адзін дзень не схопіш, а гасцей чакаецца шмат.

photo_2025-04-17_12-55-48 (2)

Гаспадыня дома – знатная кулінарка і вялікі эксперыментатар. Кожны раз стараецца здзівіць мужа, дачушку Наташу з зяцем Дзянісам, сына Сяргея з нявесткай Інгай, унукаў Ваню і Ілюшу, радню, сяброў, суседзяў новай стравай, а мо нават і не адной. Нам дэманструе велікодную выпечку – гняздзечкі з шакаладам, упрыгожаныя ядомымі галінкамі вярбы (на здымку). Рэцэпт знайшла ў Інтэрнэце, скарысталася – атрымалася прыгожа, а ці смачна, смяецца, не ведае, бо спрабаваць яшчэ нельга. “Калі гэта ў цябе было нясмачна?” – коратка каментуе Аляксандр Віктаравіч, і тут усё сказана. У планах, акрамя традыцыйных кулічоў, яшчэ многае. Абавязкова торт, а яшчэ дзеці вельмі любяць бабуліны лісічкі, якія яна пячэ ў суперскай старадаўняй форме. Увогуле Лілія Іосіфаўна традыцыі таксама вельмі паважае: і сухары па рэцэпце бабулі ў яе атрымліваюцца, і ружачкі, і многае іншае гатуе. Яек спадары Паручнікі фарбуюць не менш за шэсць дзясяткаў, з упрыгажэннямі, але абавязкова чырвонага колеру. Гаспадыня, як чалавек рознабакова творчы (усё жыццё адпрацавала музычным кіраўніком у дзіцячым садзе №4, выдатна грае на баяне), для іх з газетных трубачак і велікодных курачак, і розных падставак арыгінальных напляла.

Аляксандр Віктаравіч, які працуе вадзіцелем у райвыканкаме, таксама гаспадар адметны. За што ні возьмецца, усё зроблена са знакам якасці. Панадворак іх, які з наступленнем цяпла і да халадоў патанае ў кветках, а зімой у рознакаляровых агнях гірляндаў і ліхтарыкаў, несумненна прэтэндуе на званне аднаго з самых прыгожых і добраўпарадкаваных у Докшыцах. І ўнёсак у гэта галавы сямейства вельмі значны: прыгожая агароджа, дарожкі, альтанка, арэлі, шматлікія ажурныя апоры для кветак – усё гэта справа яго рук. Яшчэ ён займаецца садам, прышчапляе дрэўцы, зрабіў сучасную рэканструкцыю лазні, пабудаванай шмат гадоў таму яшчэ па старынцы. “А аўтамабіль у нас увесь час як з салона – мне столькі ўвагі не ўдзяляе, колькі яму”, – смяецца Лілія Іосіфаўна. “А везці жонку ў акуратнай машыне – гэта не ўвага?” – аджартоўваецца гаспадар. На заўвагу пра тое, якія цёплыя ў іх адносіны, абое дружна ківаюць галовамі.

photo_2025-04-17_12-55-48

– Сорак два гады мы ўжо разам, многае перажылі. Дзякуй Богу, дзяцей харошых вырасцілі, – сур’ёзнее Лілія Іосіфаўна. – Ведаеце, у мяне на тэлефоне на мужаў званок стаіць мелодыя: “А если б мы не встретились, что было бы со мной?..” Самае вялікае выпрабаванне – калі Саша цяжка захварэў на ковід. Думала, не вытрымаю ад страху і болю за яго…
Яна з любоўю глядзіць на сваю палову, і яго блакітныя, як веснавое неба, вочы ў адказ вільгатнеюць. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне высновы, чаму так цёпла і ўтульна ў іх доме ў самы пахмурны дзень.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА і
з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *