В Крулевщинской СШ им. И.Ф. Титкова заложили яблоневый сад
Да 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Крулеўшчынскай сярэдняй школе імя І.П. Ціткова правялі памятную акцыю – заклалі яблыневы сад.
У добрай справе прынялі актыўны ўдзел і самі навучэнцы, і іх бацькі, і ўвесь працоўны калектыў установы адукацыі. Яблынькі для сада Перамогі былі набыты на сумесна сабраныя сродкі.
Работнікі школы разам з дзецьмі размецілі тэрыторыю, падрыхтавалі месцы для дрэўцаў. А перад высадкай прайшла ўрачыстая агульнашкольная лінейка, падчас якой была пад-
крэслена важная роля патрыятычнай акцыі.
Што цікава, кіраўнік гадавальніка, які прадаставіў нам яблыні, распавёў, што і яго сваякі ваявалі за Радзіму, і прасіў лічыць сваю сям’ю ўдзельніцай акцыі.
Пасаджаныя ў школьным садзе яблыні будуць сімвалізаваць 80 шчаслівых мірных гадоў, памяць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, што велізарнай цаной заваявалі мірнае неба над галавой.
– Памяць пра вайну і Вялікую Перамогу не можа згаснуць, – сказаў з гэтай нагоды дырэктар установы адукацыі, дэпутат Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір Піскуновіч. – Мы павінны вучыць дзяцей шанаваць мір, захоўваць гістарычную памяць. Упэўнены, што і праз шмат гадоў удзельнікі акцыі будуць з цяплом успамінаць сённяшні дзень, а праходзячы міма школьнага саду, будуць ганарыцца, што мелі дачыненне да яго стварэння.
Застаецца толькі дадаць, што маладыя яблынькі стануць сапраўдным упрыгажэннем тэрыторыі школы, што вельмі знакава ў 2025 годзе, аб’яўленым Годам добраўпарадкавання.
Л. КРЫЛЬЦОВА,
намеснік дырэктара Крулеўшчынскай СШ
імя І.П. Ціткова па выхаваўчай рабоце.